Трамп заявіў, што ідуць перамовы пра вызваленне яшчэ 50 беларускіх палітвязняў, і назваў іх «закладнікамі»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social пра тое, што Джон Коўл будзе прызначаны на пасаду спецыяльнага пасланніка Злучаных Штатаў у Беларусі.
Джон Коўл. Фота: Yauhen Yerchak Anadolu via Getty Images
«Я рады абвясціць, што Джон Коўл, вядомы як адзін з сапраўды ВЯЛІКІХ юрыстаў нашай краіны, чые перамогі ўключаюць першае буйное выйгрышнае судовае разбіранне супраць тытунёвай індустрыі, намінуецца на пасаду спецыяльнага пасланніка Злучаных Штатаў у Беларусі.
Ён ужо паспяхова дамовіўся аб вызваленні 100 закладнікаў і цяпер працуе над тым, каб вызваліць яшчэ 50.
Я хацеў бы загадзя падзякаваць высокапаважанаму прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку за яго разгляд пытання аб вызваленні гэтых дадатковых людзей.
Дзякую за ўвагу да гэтай справы!», — адзначыў ён у сваім допісе.