БЕЛ Ł РУС

Каталікі-трампісты ўз'еліся на першага амерыканскага Папу: Леў XIV працягвае лева-прагрэсіўную палітыку Францішка

9.11.2025 / 20:42

Nashaniva.com

Прыхільнікі руху MAGA спадзяваліся, што дзеля вяртання багатых правых донараў, якіх адштурхнуў Францішак, Леў XIV будзе маўчаць пра мігрантаў і капіталізм. Аднак ён працягвае лінію свайго папярэдніка і адкрыта гаворыць пра беднасць, няроўнасць і змяненне клімату.

Папа Леў XIV. Фота: AP Photo/Andrew Medichini

Пра гэта піша брытанскае выданне The Economist.

25 кастрычніка амерыканскі кардынал Рэйманд Бёрк адслужыў у Ватыкане ў базіліцы Святога Пятра ўрачыстую імшу ў лацінскім абрадзе. Яшчэ год таму такое відовішча было б немагчымым: Папа Францішак, які памёр у красавіку, строга абмяжоўваў правядзенне імшы на лацінскай мове. Кардынал Бёрк, які ўзначаліў традыцыяналісцкі бунт супраць ліберальных рэформаў Францішка, быў пазбаўлены ўсіх значных пасад.

Для некаторых кансерватыўных каталікоў, якія з 1960‑х гадоў настойліва прасоўваюць вяртанне лацінскай імшы, гэта стала перамогай. Але іншыя ўбачылі ў гэтым толькі спробу іх супакоіць.

Папа Леў XIV, які дазволіў правядзенне гэтай імшы, выглядае задаволеным тым, што кадзіла ўзносіцца ўгару, пакуль ён працягвае лінію Францішка ў пытаннях беднасці, няроўнасці і змянення клімату.

Яго першы важны тэкст, «Dilexi te» — пра клопат ад клімаце, прыём мігрантаў і імкненне да эканамічнай справядлівасці як пра свяшчэнны абавязак. Для прыхільнікаў ён — спагадлівы рэфарматар; для крытыкаў — «камуніст» або «woke-Папа».

Бенджамін Харнуэл, карэспандэнт MAGA-падкаста «WarRoom», сказаў, што традыцыяналістаў «падкупілі». Амерыканскія кансерватыўныя каталікі, многія з якіх галасавалі за Дональда Трампа, спадзяваліся на папу, які будзе маўчаць пра мігрантаў і капіталізм, і здолее вярнуць багатых правых донараў, якіх адштурхнуў Францішак.

Аднак замест гэтага Леў асудзіў «нялюдскую» палітыку дэпартацый у ЗША. На сустрэчы з амерыканскімі біскупамі ў кастрычніку ён заклікаў іх выступаць з адкрытай пазіцыяй у гэтых пытаннях. Неўзабаве пасля таго, як спадар Трамп назваў змяненне клімату «махлярствам», Папа папракнуў лідараў, якія «насміхаюцца з глабальнага пацяплення», і благаславіў кавалак лёду з Грэнландыі. Кансерватары назвалі гэты жэст паганскім.

Найбольш рэзкая рэакцыя прагучала пасля таго, як Леў заявіў, што прыхільнікі смяротнага пакарання не могуць называць сябе пра-лайф. Біскуп з Тэхаса Джозэф Стрыкланд напісаў у адкрытым лісце, што «Касцёл, які я люблю, разбураецца». Джон Еп, кіраўнік арганізацыі «Catholics for Catholics», адзначыў, што традыцыяналісты ўдзячныя Льву за дазвол імшы, але яго пазіцыя ў дачыненні мігрантаў сведчыць, што ён «не разумее, што адбываецца» ў Амерыцы.

Дзе Францішак часта дзейнічаў рэзка, Леў дзейнічае павольна і асцярожна. «Леў больш разумны, больш тонкі, чым Францішак, і таму больш небяспечны», — кажа Харнуэл.

Хоць новы Папа падтрымлівае большы ўдзел свецкіх людзей і жанчын у палітыцы і вучэнні, ён, верагодна, расчаруе прагрэсістаў у пытаннях абортаў і гендараў. Тым не менш, у цэлым, Ватыкан пры Льве выразна схіляецца ўлева. Кансерватары атрымалі сваю імшу, але не свайго чалавека.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула