У Бельгіі над АЭС лёталі тры беспілотнікі
Прэс-сакратар бельгійскай АЭС Doel паведаміў пра з'яўленне паблізу электрастанцыі трох невядомых дронаў. За апошнія тыдні ў Бельгіі неаднаразова фіксавалі падобныя інцыдэнты, піша DW.
АЭС Doel у Бельгіі. Фота: Arterra / Philippe Clement / Universal Images Group via Getty Images
У Бельгіі над атамнай электрастанцыяй Doel, размешчанай недалёка ад Антверпена, былі заўважаны тры беспілотнікі. Пра гэта ўвечары ў нядзелю, 9 лістапада, паведаміў прэс-сакратар энергетычнай кампаніі Engie — аператара АЭС. Ён удакладніў, што інцыдэнт не паўплываў на працу электрастанцыі. Улады былі праінфармаваныя пра яго.
Як піша бельгійскае навінавае агенцтва Belga, раней, увечары 6 лістапада, з-за заўважаных паблізу дронаў была парушана праца аэрапорта Бруселя і аэрапорта Бірсэт, размешчанага недалёка ад Льежа.
4 лістапада агенцтва Belga перадало, што мясцовыя жыхары заўважылі не менш за шэсць БПЛА каля авіябазы НАТА Кляйне-Брогель на паўночным усходзе Бельгіі.
Увечары гэтага дня з-за паведамленняў пра беспілотнікі было двойчы прыпынена авіяцыйнае злучэнне ў аэрапорце Бруселя. Паводле звестак агенцтва Belga, абмежаванні былі таксама ўведзены ў аэрапорце горада Льеж.
За апошнія тыдні ў Бельгіі неаднаразова фіксавалі падобныя інцыдэнты.