БЕЛ Ł РУС

«Літоўскія ўлады вырашылі мышкаваць». Лукашэнка загадаў здзерці вялікія грошы з кожнага літоўскага грузавіка 

10.11.2025 / 12:10

Nashaniva.com

1100 літоўскіх грузавікоў не выпусцяць з Беларусі да адкрыцця Літвой мяжы.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP

Сёння на пачатку нарады пра планы на наступнае пяцігоддзе Аляксандр Лукашэнка вырашыў выказацца пра сітуацыю з закрыццём Літвой мяжы з Беларуссю.

«Як звычайна, ад сур'ёзных міждзяржаўных праблем літоўскія ўлады вырашылі мышкаваць і паспрабаваць нас яшчэ раз абвінаваціць і нахіліць у гэтых ці то шарыках, ці то яшчэ ў чымсьці.

Мы гатовыя да адкрыцця мяжы даўно. Мы яе не закрывалі», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка загадаў браць з кожнага літоўскага грузавіка за стаянку 120 еўра за суткі. Калі гэтыя грошы не будуць выплачаныя, цягачы і фуры будуць канфіскаваныя.

Пакідаць тэрыторыю Беларусі праз трэція краіны фурам забаронена, пакуль Літва трымае мяжу закрытай.

Пры гэтым кіроўцам грузавікоў будзе дазволена вярнуцца ў Літву.

«Будуць эвакуіраваць — хай эвакуіруюць. Гэта не нашыя пытанні. І ўвогуле мы, напэўна, амаль нічога не возім праз гэтую мяжу ў сувязі з санкцыямі. Толькі нейкія віды тавараў, якія вельмі-вельмі патрэбныя тым жа літоўцам ці палякам. Вельмі-вельмі патрэбныя — заказалі, мы адвезлі. Не заказалі — мы туды не вязём. А з казахамі, расіянамі, кітайцамі, іншымі краінамі ім [Літве] давядзецца вельмі сур'ёзна не проста тлумачыцца, а разбірацца. Таму што так ніхто не робіць», — сказаў ён.

«Пра ўсё астатняе мы яшчэ пагаворым у найбліжэйшы час на перамовах з дэлегацыяй Злучаных Штатаў Амерыкі. Адчуваю, што без іх тут не абышлося», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі захраслі прыкладна 1100 літоўскіх цягачоў і паўпрычэпаў, Мінск забараняе іх рух па краіне.

Літва выказвала надзею, што пункт «Салечнікі» («Беняконі»), нягледзячы на закрытую да 30 лістапада мяжу, часова будзе адкрыты для вяртання літоўскіх фураў, але Беларусь адмовілася гэта рабіць.

Пункты пропуску на мяжы былі закрытыя Літвою да 30 лістапада ў адказ на масавыя залёты з Беларусі паветраных шароў з кантрабандаю. Праз іх узнікала пагроза грамадзянскай авіяцыі, закрываліся аэрапорты, былі закрануты некалькі дзясяткаў рэгулярных рэйсаў, пацярпелі некалькі дзясяткаў тысяч пасажыраў. Вільня лічыць гэта гібрыднымі атакамі, за якімі стаяць мінскія ўлады. Рэч у тым, што вытворчасць і гандаль тытунёвымі вырабамі ў Беларусі цалкам кантралююецца дзяржавай і некалькі бізнэсоўцамі, набліжанымі да сям'і Аляксандра Лукашэнкі.

Чытайце таксама:

Мытны камітэт прыгразіў Літве захадамі ў дачыненні да грузавікоў, што знаходзяцца ў Беларусі

МЗС Беларусі паведаміў, калі адкрыецца мяжа для літоўскіх грузавікоў

Літва можа цалкам спыніць перавозкі беларускіх грузаў чыгункаю

«Фуры расцягнуліся на кіламетры. Стаяць уздоўж дарогі — проста, бокам. Стаяць у полі». Відавочца расказаў пра сітуацыю перад «Каменным Логам»

Каментары да артыкула