Айцішнік напісаў раман. Нічога падобнага па-беларуску яшчэ не стваралася
«Пентаквантар» называюць і тэхнафанкам, і тэхнапопам. Што за кніга хаваецца за гэтымі тэрмінамі і хто такі Арцём Шуканаў, які яе напісаў, расказвае Зося Лугавая.
Арцём Шуканаў напісаў раман «Пентаквантар». Фота: Наша Ніва
Калі гугліць на «Арцём Шуканаў», то акрамя звестак пра выхад рамана і спасылак на некалькі нядаўніх інтэрв’ю, не надта што і знаходзіцца. Хіба што штраф за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (23:34)» у лістападзе 2020 года. А таксама матэрыял Еўрарадыё 2013 года пра размеркаванне маладых спецыялістаў, дзе Арцём Шуканаў, выпускнік энергетычнага факультэта БНТУ, расказвае, як уцёк у войска ад размеркавання ў Політэхнічны каледж.
На прэзентацыях Арцём кажа, што ён айцішнік, «але не толькі». Што даўно цікавіцца навуковай фантастыкай і яе паджанрам — (пост)кіберпанкам. Ідэя кнігі ў яго ўзнікла гадоў 10 таму і ўвесь гэты час абрастала дэталямі і нюансамі. Напісанне кнігі аказалася падобным да вырашэння задач на асноўнай працы: вялікія аб’ёмы разрозненай інфармацыі трэба было арганізаваць так, каб яны не супярэчылі адно аднаму і склаліся ўрэшце ў гарманічную гісторыю.
«Пентаквантар» — цікавы прэцэдэнт. Гэта малараспрацаваны ў беларускай літаратуры жанр. Гэта напраўду вялікі тэкст — раман выйшаў у дзвюх кнігах, агульным аб’ёмам амаль 650 старонак.
Таксама гэтая кніга — суцэльныя тэхналогіі, і месцамі тэкст выглядае вось так:
«Саматужны рэверс сістэмы відэаназірання — штука сур’ёзная і дакладна незаконная. Такія дроны самі сабою могуць прыцягнуць увагу, а крадзены абанемент — зусім забароненая тэма. Красці ў іэлаў вельмі складана, але ёсць бясстрашныя асобы, якія зрабілі гэта сваёй працай. Яны скупляюць падпіскі ў іэлаў і здымаюць столькі звестак, колькі могуць, пакуль не нарвуцца на бан, а потым круцяць іх на статыстычных прымітывах, пакуль не выйдзе гэткая зомбі-падпіска. Яна не такая разумная, як сапраўдная, але затое ніяк не звязаная з харэакагнітыўным ядром і таму не абцяжараная маральна-этычнымі межамі, у якія сябе загналі іэлы».
І тым не менш, «Пентаквантар» — гэта кніга, напісаная чалавекам для людзей. Яна створана без ужывання штучнага інтэлекту. На прэзентацыі ў Вільні Арцём нават іранічна адзначыў, што штучны інтэлект яго, як нервовага чалавека з трывожным разладам, пужае.
Каму кніга можа быць цікавая? У першую чаргу аматарам навуковай фантастыкі і айцішнікам — так кажа сам аўтар. Але я выкажу меркаванне чытачкі, не заангажаванай ані ў навуковую фантастыку, ані ў айці-сферу. Мяркую, кніга можа быць цікавая ўсім, хто хаця б зрэдчас думае пра развіццё сучасных тэхналогій і куды яны нас вядуць. Тым, каго турбуюць пытанні свабоды выбару, а таксама супрацьстаянне індывідуума і безаблічных карпарацый.
Важныя персанажы кнігі — іэлы, так званыя штучныя асобы (individualitas electronica). Але яны паводзяцца на дзіва чалавечна. Менавіта яны шукаюць адказы на пытанні, звязаныя з выбарам, асабістай адказнасцю, сумняюцца ў эфектыўнасці калектыўнага кіравання.
«— Іэлы — не людзі.
— Вядома, не людзі. Таму яны ніколі не здолеюць зрабіцца такімі бесчалавечнымі, як мы».
«Самая бяздушная машына — тая, што складаецца з людзей. Яна можа быць камерцыйнаю фірмаю, урадам цэлай краіны ці таталітарнаю сектаю. Няважна. Па сваёй прыродзе гэта безаблічная карпаратыўная сутнасць, дзе асоба цалкам адхіленая ад прыняцця рашэнняў. Важны толькі працэс, самаўзнаўляльны і бясконцы».
У кнізе няма смерцяў і няма кахання, але ёсць чалавечыя адносіны — складаныя, шматаблічныя. Ёсць сутыкненне людзей з вельмі розным досведам, светапоглядам і перакананнямі, якія тым не менш супадаюць у адным ключавым прынцыпе: непрычыненне шкоды.
Авантурыстка-шпіёнка армянска-японскага паходжання, буддыйскі манах, айцішнік з усходняга Інтэрмарыуму (чытай: сучаснай Беларусі) — іх гісторыі разгортваюцца паралельна, каб пасля зліцца ў адну. У якой знойдзецца месца і незямным цывілізацыям, і штучным асобам. Адсюль і пентаквантар, дзе квантар — лагічна-матэматычная аперацыя з удзелам пяцёх галоўных герояў.
Што яшчэ незвычайнага і цікавага ў кнізе? Вы здівіцеся, але — танцы. Пяць штучных асобаў носяць імёны Чарлстан, Буг’і, Гастл, Джытэрбаг’ і Факстрот. Танцамі займаецца адна з галоўных гераінь і нават у далёкім космасе, на планеце Джуніпер, героі будуць вучыцца танцаваць, каб уратаваць свет.
«Трыццаць пяць гадоў таму невялікая фірма, цяпер вядомая як «Яслі», атрымала інвестыцыі пад праект персаналізаваных чат-ботаў… Стартаперы пайшлі далей і, каб зрабіць сваіх ботаў не проста персаналізаванымі, а яшчэ і стылёвымі, прамадулявалі ўваходныя звесткі вельмі арыгінальным спосабам. Яны запрасілі танцораў розных стыляў. Атрыманыя звесткі канвертавалі ў матрыцы, якія падмяшалі ў табліцы ініцыялізацыі генетычных алгарытмаў… Дынаміку размеркаваных сістэм яшчэ задоўга да іх эксперыментаў апісвалі ў тэрмінах харэаграфіі і аркестравання. Такая стылізацыя павінна была мець эфект хутчэй маркетынгавы, чым архітэктурны, але вынік выйшаў такі, якога ніхто і ўявіць не мог».
У кнізе шырокая геаграфія: Еўропа, Японія, Лаос, Індыйскі акіян, адкуль ідзе касмічны ліфт, баржы ў космасе, якія імітуюць звычайныя сельскія ўмовы для фермераў. Але сярод усёй гэтай разнастайнасці знаходзіцца месца Мінску. Дакладней, Мінску-3, аднаму з важных цэнтраў дзяржаўнага ўтварэння Інтэрмарыум. Гэта ўжо штосьці значна большае па памерах, чым сучасны Мінск. Але найчасцей падзеі адбываюцца ў старой частцы горада, таму лакацыі пазнавальныя. Напрыклад, закінуты гандлёвы цэнтр «Сталіца» пад плошчай Незалежнасці, адкуль героі ўцякаюць праз тунэль пад зямлёй і раку Нямігу.
Арцём Шуканаў, аўтар рамана «Пентаквантар». Фота з інстаграма выдавецтва Gutenberg Publisher
Аўтар прасоўвае зразумелыя рэчы: сяброўства, падтрымку, непрычыненне шкоды, здаровую фізічную нагрузку і шпацыры. Разам з іэламі сумняецца ў калектыўнай адказнасці, разам з іншымі героямі — у веры ў Бога і людзей.
«Непапулярны факт заключаецца ў тым, што богу нахран не здалася нічыя вера. Богу важнае стварэнне. Вельмі прыкра, што пытанне веры так шчыльна звязваецца з паняткам боскага, калі насамрэч яны і побач не валяліся. Стварайце тое, што ўласціва вашай прыродзе, і вы дагадзіце любому богу».
«— Верыць у кагосьці — амаль заўсёды памылка.
— А верыць у нешта? Гэта таксама памылка?
— Гэта выбар».
Па словах самога аўтара, «Пентаквантар» — гэта частка значна большай гісторыі. Таму можна спадзявацца на працяг.
А Валянціна Андрэева, рэдактарка выдавецтва «Гутэнберг», у якім выйшла кніга, сцвярджае, што можна спадзявацца на бум у беларускай навуковай фантастыцы, створанай аўтарамі з айці-сферы (https://budzma.org/news/khvalya-fantastyki.html). Бо адначасова з прэзентацыяй «Пентаквантара» выдавецтва атрымала некалькі іншых прапаноў ад новых аўтараў sci-fi, кіберпанку і посткіберпанку.
Арцём Шуканаў. Пентаквантар. — Кракаў: Gutenberg Publisher, 2025