БЕЛ Ł РУС

Вядомы амерыканскі спартовец паведаміў, што ягоны новы сабака — клон старога

10.11.2025 / 23:22

Nashaniva.com

Былая зорка амерыканскага футболу Том Брэдзі паведаміў, што ягоны сабака па мянушцы Джуні — клон раней памерлай сабакі Луа, створаны кампаніяй Colossal Biosciences з Даласа. У гэтую кампанію сам калісьці славуты спартовец таксама ўкладаў грошы, піша The Guardian.

Том Брэдзі з сынам Бенджамінам і сабакам Луа. Фота: Stickman/Bauer-Griffin/GC Images

Луа, метыс пароды пітбуль, жыў у сям’і Брэдзі і яго былой жонкі Жыжэль Бюндхен і памёр у снежні 2023 года. Узор крыві для кланавання быў узяты яшчэ да смерці Луа.

«Я вельмі люблю сваіх жывёлінаў, яны значаць для мяне і маёй сям’і надзвычай шмат. Некалькі гадоў таму мы супрацоўнічалі з Colossal, якая выкарыстала іх бязбольную тэхналогію кланавання праз просты аналіз крыві нашага старога сабакі перад тым, як ён памёр», — сказаў Брэйдзі.

Ён дадаў, што кампанія «дала ягонай сям’і другі шанец», і выказаў надзею, што аб’яднанне тэхналогій кампаній Colossal і Viagen «дапаможа як сем’ям, якія страцілі любімых хатніх жывёл, так і праектам у выратаванні рэдкіх відаў».

Colossal нядаўна набыла кампанію Viagen Pets and Equine, якая ўжо займалася кланаваннем хатніх жывёл для знакамітасцяў — у тым ліку Барбары Стрэйзанд і Пэрыс Хілтан. Viagen мае ліцэнзіі ад Інстытута Рослін у Эдынбургу, дзе ў 1996 годзе была створаная шляхам сканавання знакамітая авечка Долі.

Colossal, заснаваная ў 2021 годзе, вядомая таксама сваімі праектамі па «дэвыміранні» — яна працуе над адраджэннем шарсцістага маманта і птушкі дадо. 

Як сцвярджаецца, кланаванне сабакі ў Viagen каштуе ад $50 000 да $85 000.

Сам Том Брэдзі, сяміразовы чэмпіён Супербоўла і цяперашні каментатар тэлеканала Fox Sports, сказаў, што Джуні «не навуковы эксперымент, а паўнапраўны член сям’і».

Чытайце таксама:

Адроджаныя лютаваўкі Ромул і Рэм адзначылі свой першы дзень нараджэння

Навукоўцы ўваскрасілі лютаваўкоў з серыяла «Гульня тронаў»

Навукоўцы стварылі «шарсцістую мыш» з прыкметамі маманта. Магчыма, праз некалькі гадоў адродзяць і вымерлага гіганта

Навукоўцы аб'явілі пра прагрэс у адраджэнні маманта. Але навошта яго адраджаць?

Каментары да артыкула