Названы пераможца Букераўскай прэміі 2025 года
Лаўрэатам Букераўскай прэміі 2025 года па літаратуры стаў брытанска-венгерскі пісьменнік Дэвід Салэй за раман «Плоць» (Flesh), які журы назвала «незвычайным» і «зусім асаблівым» творам.
Букераўскую прэмію 2025 года атрымаў Дэвід Салэй за раман «Плоць». Фота: Getty Images
Цырымонія ўручэння адной з самых прэстыжных узнагарод у літаратуры прайшла ў Лондане ў ноч на аўторак, журы сёлета ўзначальваў ірландскі драматург Родзі Дойл, піша BBC.
«Члены журы абмяркоўвалі шэсць кніг, якія ўвайшлі ў шорт-ліст, больш за пяць гадзін. Кніга, да якой мы ўвесь час вярталіся, якая вылучалася сярод іншых выдатных раманаў, была «Плоць» — з-за яе ўнікальнасці. Мы ніколі не чыталі нічога падобнага. У многіх адносінах гэта змрочная кніга, але чытаць яе — адно задавальненне», — сказаў Дойл.
Раман «Плоць», які стаў шостым у творчасці пісьменніка, расказвае гісторыю маладога венгра па імені Іштван, які праходзіць праз розныя этапы жыцця — ад сціплага венгерскага жылога комплексу да бліскучага свету звышбагатых у Лондане.
«Не думаю, што я калі-небудзь чытаў раман, які так па-майстэрску выкарыстоўвае пустую прастору старонкі. Аўтар, Дэвід Салэй, нібы запрашае чытача запоўніць гэтую прастору, назіраць, амаль ствараць персанажа разам з ім. Стыль лаканічны, і ў гэтым яго галоўная сіла. Кожнае слова мае значэнне, нават прамежкі паміж словамі маюць значэнне. Гэтая кніга — пра жыццё, пра дзівосы існавання, і, чытаючы яе, перагортваючы старонкі, мы радуемся, што жывыя, што чытаем, перажываем гэты незвычайны, унікальны раман», — так апісаў пераможны твор старшыня журы Букераўскай прэміі пісьменнік Родзі Дойл.
Паводле слоў самога Салэя, ён напісаў кнігу пра «сучасную Еўропу і культурныя і эканамічныя адрозненні, якія характарызуюць яе».
Салэя ўжо намінавалі на Букераўскую прэмію — у 2016 годзе за твор All That Man Is («Усё пра мужчын»).
У шорт-ліст прэтэндэнтаў на Букераўскую прэмію 2025 года, акрамя Дэвіда Салэя, увайшлі яшчэ пяць аўтараў: трое амерыканскіх пісьменнікаў — Бенджамін Маркавіц з кнігай «Рэшта нашага жыцця» (The Rest of Our Lives), Кэці Кітамура «Праслухоўванне» (Audition), Сьюзан Чой «Успышка» (Flashlight), брытанскі пісьменнік Эндру Мілер з раманам «Зямля ўзімку» (The Land in Winter) і індыйская пісьменніца Кіран Дэсаі з раманам «Адзінота Соні і Сані» (The Loneliness of Sonia and Sunny).