«Гэтыя абмены могуць працягвацца бясконца». Наўседа сумняецца, што спроба ЗША ангажаваць Лукашэнку дасць толк
Прэзідэнт Літвы кажа, што ЗША спрабуюць аддаліць Мінск ад свайго саюзніка Расіі праз актывізацыю дыялогу з Беларуссю, але сумняваецца ў поспеху.
«Злучаныя Штаты спрабуюць аддаліць Беларусь ад Расіі, і я думаю, што ў нас будзе магчымасць убачыць, ці прынясе такая палітыка рэальныя вынікі, і ў найбліжэйшыя месяцы, магчыма, гады, мы ўбачым, ці сапраўды магчыма ізаляваць Лукашэнку ад Пуціна», — сказаў Наўседа ў інтэрв’ю праграме «Тэма дня» на тэлевізійным канале LRT.
«Я цалкам перакананы, што гэта немагчыма, таму што ніткі залежнасці настолькі тугія і іх так шмат, што гэты чалавек не змог бы аддаліцца ад Пуціна, нават калі б хацеў, бо яго дзяржава цалкам залежыць ад Расіі як фінансава, так і эканамічна. Аднак паспрабаваць можна», — дадаў літоўскі лідар.
Наўседа сказаў гэта пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у нядзелю прызначыў Джона Коўла спецыяльным прадстаўніком па Беларусі.
У той жа час Трамп заявіў, што гэты крок накіраваны на перамовы аб вызваленні большай колькасці палітвязняў з Беларусі. Прэзідэнт Літвы сказаў, што гуманітарныя мэты, пастаўленыя адміністрацыяй ЗША, «вельмі важныя і годныя павагі», аднак, вызваляючы зняволеных, беларускі рэжым не шчыры.
«Праблема ў тым, што частку зняволеных вызваляюць, але сотні новых тут жа кідаюць у турмы. (…) Гэтыя абмены могуць працягвацца бясконца, і вынік будзе вельмі цяжка ацаніць», — сказаў Наўседа.