БЕЛ Ł РУС

Беларусы так разленаваліся, што ўжо не хочуць лупіць бульбу

11.11.2025 / 16:42

Nashaniva.com

Беларускія навукоўцы адзначаюць, што жыхары краіны сталі менш ужываць звычайную бульбу і часцей выбіраюць гатовыя бульбяныя прадукты — пюрэ, фры ці паўфабрыкаты. Як патлумачыў на прэс-канферэнцыі кіраўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і гародніцтве Вадзім Маханько, бульба застаецца нацыянальнай культурай, але многія людзі проста лянуюцца яе лупіць і аддаюць перавагу ўжо прыгатаванай прадукцыі.

«Балюча пра гэта казаць, але часам мы проста лянуемся лупіць бульбу. Нам патрэбна бульба ўжо папярэдне прыгатаваная ці ўжо гатовая страва з бульбы», — растлумачыў Вадзім Маханько прычыны таго, чаму зніжаецца спажыванне харчовага клубня.

Таму, каб задаволіць патрэбы спажыўцоў і вытворцаў, беларускія навукоўцы ствараюць новыя сарты бульбы — як для стала, так і для перапрацоўкі.

Сярод апошніх навінак — раннія сарты «Красавік» (з ружовай лупінай) і «Умка»(бела-жоўты, ураджай збіраюць ужо ў ліпені), а таксама сярэдняспелы «Водар», прыдатны для вырабу сухога пюрэ. Для крухмальнай галіны распрацавалі сорт «Баярскі», які мае высокае ўтрыманне крухмалу.

Акрамя бульбы, беларускія вучоныя працуюць над стварэннем гібрыдных сартоў гародніны. Ужо выведзены першы айчынны гібрыд цыбулі — «Тутэйшы», і гібрыд азімага часнаку — «Пясняр». Таксама працягваецца распрацоўка ўласных сартоў памідораў і агуркоў для адкрытага грунту і цяпліц.

Чытайце таксама:

У Беларусі забароняць прадаваць у крамах дробную бульбу

У Беларусі скончылі ўборку бульбы

Вясковец узараў трактарам бульбу і пакінуў на полі. За ноч 800 кг бульбы сцягнулі злодзеі

Каментары да артыкула