Расія прапанавала ЗША яшчэ на год падоўжыць ядзерныя абмежаванні па ДСНУ
Міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў паведаміў, што Масква прапанавала адміністрацыі ЗША працягнуць на год абмежаванні па Дамове аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў (ДСНУ). Цяпер перамовы аб падаўжэнні тэрміну дзеяння дамовы не вядуцца, але бакі, маўляў, ведаюць, колькі якіх узбраенняў у каго ёсць.
Сяргей Лаўроў. Фота: mfa_russia / Twitter
Лаўроў прапанаваў выкарыстаць гэты год, каб «астыць», прааналізаваць сітуацыю і не ацэньваць усё толькі праз украінскі кантэкст. Ён падкрэсліў, што гаворка ідзе пра адказнасць вялікіх дзяржаў за глабальную бяспеку і прадухіленне ядзернай вайны. Працяг абмежаванняў можа быць абвешчаны ў любы момант да 5 лютага.
Расійскі міністр адзначыў, што гэтая прапанова — аднабаковае праяўленне добраахвотнасці Масквы, і ЗША не трэба праводзіць перамовы або кансультацыі, каб падтрымліваць яе. Дастаткова, каб ЗША пагадзіліся не павышаць колькасныя ўзроўні ўзбраенняў на працягу года, пакуль Расія нібыта выконвае сваё абавязацельства.
Лаўроў таксама нагадаў, што падаўжэнне тэрміну самой дамовы — працэс значна складанейшы, чым простае добраахвотнае захаванне абмежаванняў. Акрамя таго, ён узгадаў словы прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна пра тое, што ў выпадку правядзення ядзерных выпрабаванняў іншай ядзернай дзяржавай Расія адкажа аналагічна, але на сённяшні дзень загаду на выпрабаванні не было — трэба правесці аналіз сітуацыі.
ЗША раней паведамлялі пра планы правядзення ядзерных выпрабаванняў, спасылаючыся на тое, што падобныя дзеянні праводзяць іншыя краіны, уключаючы Кітай, Пакістан, Расію і Паўночную Карэю. Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў падкрэсліў, што Масква і Пекін нібыта не праводзяць падобных выпрабаванняў, а рашэнне павінна грунтавацца на дэталёвым аналізе сітуацыі.
Чытайце таксама:
ЗША выпрабавалі ракету Minuteman III, а Пуцін сабраў Раду бяспекі