БЕЛ Ł РУС

У Аўстраліі знайшлі пчалу з рагамі — і назвалі яе Люцыферам

12.11.2025 / 08:27

Nashaniva.com

Рожкі на галаве маюць толькі самкі.

Рожкі на галаве маюць толькі самкі новага віду пчол Megachile Lucifer

Аўстралійскія навукоўцы адкрылі новы від пчол — з рожкамі і далі яму адпаведную назву: Люцыфер, піша Бі-бі-сі.

Поўная назва новага віду — Megachile Lucifer. Мегахілы — гэта род пчол. Навукоўцы выявілі «Люцыфера», калі вывучалі рэдкі від кветак у рэгіёне Голдфілдс на захадзе Аўстраліі, за 470 км на ўсход ад Перта (самага заходняга горада краіны-кантынента)

Вельмі добра бачныя рожкі носяць толькі самкі гэтых пчол. З дапамогай гэтых рожкаў яны могуць абараняцца ад ворагаў або збіраць пылок, нектар або будматэрыял для гнёздаў — напрыклад, смалу.

Кіраўніца групы навукоўцаў, якія адкрылі новы від пчол, доктар Кіт Прэндэргаст кажа, што ў той час яна якраз глядзела серыял «Люцыфер» на Netflix. Па словах доктара Прэндэргаст, гэта першае за 20 гадоў папаўненне ў гэтым родзе пчол.

«Калі я складала апісанне гэтага новага віду, я глядзела «Люцыфера» на Netflix. Імя падышло проста ідэальна. Я вялікая фанатка нетфліксаўскага Люцыфера, так што думаць тут асабліва не прыйшлося», — тлумачыць яна.

Доктар Прэндэргаст укладвае і яшчэ адзін сэнс у гэтае найменне. «Люцыфер» у перакладзе з лацінскай мовы азначае «святланосны» — і, па думцы Кіт Прэндэргаст, гэтае імя сімвалізуе неабходнасць праліваць святло на важнасць аховы мясцовых відаў пчол і вывучэння механізмаў апылення рэдкіх відаў раслін.

У дакладзе аб адкрыцці, апублікаваным у выданні Journal of Hymenoptera Research, навукоўцы заклікалі абвясціць раён, дзе жывуць гэтыя пчолы і растуць рэдкія віды кветак, запаведнікам.

«І новы від пчол, і знікаючы від кветак былі знойдзены на невялікай тэрыторыі, і таму ім абодвум адначасова можа пагражаць ўмяшанне [чалавека] ў іх арэал пражывання і іншыя небяспекі, такія як змяненне клімату», — кажа доктар Прэндэргаст.

Яна скардзіцца, што многія горназдабыўныя кампаніі пры ацэнцы ўплыву іх працы на навакольнае асяроддзе не ўлічваюць гэтага ўплыву на пчол.

«Таму мы можам губляць яшчэ не апісаныя віды, у тым ліку і тыя, што адыгрываюць ключавую ролю ў падтрымцы знікаючых відаў раслін і экасістэм, — тлумачыць Прэндэргаст. — Без ведаў аб тым, якія дзікія пчолы існуюць і ад якіх раслін яны залежаць, мы рызыкуем страціць і тых, і іншых — яшчэ да таго, як даведаемся аб іх існаванні».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула