БЕЛ Ł РУС

Лідар «Альтэрнатывы для Германіі» выступіў у абарону Пуціна і назваў Польшчу пагрозай для ФРГ

12.11.2025 / 11:8

Nashaniva.com

«Ён мне нічога не зрабіў. Я не бачу ніякай пагрозы для Германіі з боку Расіі. Пуцін нават не пагражаў атакаваць Германію ядзернай бомбай», — сказаў Ціна Хрупала.

Ціна Хрупала і іншая сустаршыня Аліса Вайдэль. Фота: Michael Probst / AP

Сустаршыня партыі «Альтэрнатыва для Германіі» Тына Хрупала выступіў на тэлеканале ZDF і зрабіў шэраг гучных заяў. Хрупала, у прыватнасці, заявіў, што не лічыць Уладзіміра Пуціна пагрозай, паведамляе Bild.

«Ён мне нічога не зрабіў. Я не бачу ніякай пагрозы для Германіі з боку Расіі. Пуцін нават не пагражаў атакаваць Германію ядзернай бомбай», — сказаў палітык.

У той жа час ён абвінаваціў Польшчу ў «двайных стандартах» і назваў яе патэнцыйнай небяспекай.

«Вядома, Польшча можа прадстаўляць для нас небяспеку. Узяць хаця б двайныя стандарты ў адносінах да газаправода «Паўночны паток», калі Польшча не выдае Германіі тэрарыста», — дадаў Хрупала.

Палітык таксама паставіў пад сумнеў даныя пра невядомыя беспілотнікі, якія ў апошнія тыдні заўважалі на тэрыторыі Еўропы.

«Калі канцлер кажа пра расійскія беспілотнікі, то ў яго павінны быць доказы, інакш мы хутка апынемся ў той вобласці, у якой вы нас абвінавачваеце, а менавіта ў прапагандзе. Узброеныя сілы Германіі не пацвердзілі ніводнага расійскага беспілотніка», — адзначыў Хрупала.

Акрамя таго, у эфіры палітык назваў сябе «дысідэнтам» і паскардзіўся на «пераслед апазіцыі» ў Германіі. На гэта расійскі апазіцыянер Уладзімір Кара-Мурза спытаў: «Нашых апазіцыянераў забіваюць. Колькі з вашай партыі было забіта?»

«Нават на мяне нападалі, і я пакуль не ведаю, хто менавіта. Не ведаю, ці было гэта дзяржава. Магчыма, гэта былі спецслужбы або нехта яшчэ. Таму заўсёды трэба быць напагатове. Мы бачым, як цяпер ставяцца да апазіцыі ў Германіі», — адказаў Хрупала.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула