Зяленскі расказаў, як палёты невядомых дронаў у краінах ЕС адбіваюцца на вайне ва Украіне
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю Bloomberg заявіў, што ўварванні дронаў і знішчальнікаў у паветраную прастору ЕС — гэта мэтанакіраваная кампанія Уладзіміра Пуціна па запалохванні Еўропы.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Фота: Ukrinform / NurPhoto via Getty Images
Праз гэта, па словах Зяленскага, еўрапейскія лідары сталі менш ахвотна адпраўляць сістэмы супрацьпаветранай абароны Украіне.
«Я думаю, ён напалохаў іх, гэта была яго мэта, і ён яе дасягнуў, — сказаў прэзідэнт Украіны. — Гэта, без сумневу, быў псіхалагічны ціск».
З пачатку восені ў паветранай прасторы еўрапейскіх краін з'яўляюцца невядомыя дроны, з-за якіх нават спыняюць працу аэрапорты.
У інтэрв'ю Зяленскі таксама паведаміў, што Украіна пачала вытворчасць беспілотнікаў сумесна з ЗША, і што Кіеву неабходна фінансавая падтрымка ад саюзнікаў за кошт замарожаных расійскіх актываў. Але Еўропа пакуль не можа прыйсці да кансэнсусу па гэтым пытанні.