БЕЛ Ł РУС

Сяргей Ціханоўскі: Я не маю дачынення да Офіса Ціханоўскай. Атмасферу ў Офісе цяжка назваць здаровай

13.11.2025 / 13:16

Nashaniva.com

Сяргей Ціханоўскі атрымаў узнагароду Магніцкага як «выбітны апазіцыйны палітык» за свае «лідарскія якасці і непахісную адданасць дэмакратыі ў Беларусі». Але не змог асабіста трапіць у Лондан і з гэтай нагоды апублікаваў у інстаграме абураны пост. 

Сяргей Ціханоўскі. Фота: stranadlyazhizni / Instagram

«Для мяне вялікі гонар быць удастоеным прэміі Магніцкага 2025», — напісаў палітык і дадаў, што адначасова яму вельмі шкада, што асабіста ён не зможа прысутнічаць на яе ўручэнні ў Лондане.

«Я даведаўся пра ўручэнне прэміі толькі напярэдадні з сацсеткі X і не змог своечасова атрымаць брытанскую візу ў Вільні. Арганізатары прэміі былі ўпэўненыя, што я ў курсе, і змагу прысутнічаць. Самі яны са мной не звязваліся, бо памылкова меркавалі, што Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміць мне пра гэта. Гэта зразумела — ніводзін чалавек у здаровым розуме не можа меркаваць, што магчымая сітуацыя, у якой мне не перададуць такую інфармацыю.

Аднак, я са шкадаваннем вымушаны канстатаваць, што атмасферу ў Офісе цяжка назваць здаровай», — напісаў Ціханоўскі.

Паводле яго слоў, такая сітуацыя была з прэміяй Сахарава, «і толькі дзякуючы неабыякавасці старшыні Еўрапарламента Раберты Метсолы асабіста, дзякуй ёй за гэта, я атрымаў копію дыплома: аказалася, што дамагчыся рэакцыі ад яе было прасцей, чым ад Офіса, які мае арыгінал», — яшчэ раз пакпіў ён з Офіса жонкі.

Ён дадаў, што напісаў пост, каб больш не аказвацца ў падобных сітуацыях.

«Паведамляю журналістам, актывістам і міжнародным партнёрам: я не маю дачынення да Офіса Святланы Ціханоўскай, і прашу звяртацца да мяне наўпрост, калі вы хочаце мяне кудысьці запрасіць, узяць у мяне інтэрв'ю або прапанаваць мне супрацоўніцтва», — напісаў былы палітвязень. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула