БЕЛ Ł РУС

З Нацыянальнага музея ў Дамаску скралі статуі часоў Рымскай імперыі

13.11.2025 / 19:03

Nashaniva.com

З Нацыянальнага музея Дамаска былі скрадзеныя старажытныя статуі і іншыя артэфакты. Пра знікненне экспанатаў супрацоўнікі музея даведаліся ў панядзелак, 10 лістапада, калі заўважылі, што адныя з дзвярэй былі ўзламаныя з сярэдзіны, паведамляе Руская служба Бі-бі-сі.

Фота: AP Photo / Omar Sanadiki

Па даных агенцтва Associated Press са спасылкай на афіцыйных прадстаўнікоў музея, зніклі шэсць мармуровых статуй эпохі Рымскай імперыі.

Галоўнае ўпраўленне па справах старажытнасцяў і музеяў Сірыі распачало расследаванне для высвятлення абставін страты экспанатаў і ўзмацніла сістэмы аховы і маніторынгу музея.

Кіраўнік службы ўнутранай бяспекі правінцыі Дамаск, брыгадны генерал Усама Атке, паведаміў, што сілы бяспекі займаюцца расследаваннем крадзяжу, а для апытання былі выкліканыя ахоўнікі музея і іншыя асобы.

Нацыянальны музей Дамаска, заснаваны ў 1919 годзе, захоўвае найбольш каштоўную археалагічную калекцыю Сірыі. У ёй ёсць гліняныя клінапісныя таблічкі XIV стагоддзя да н. э. з Угарыта — звесткі пра самы стары вядомы поўны алфавіт; грэка-рымскія скульптуры I—II стагоддзя н. э. з Пальміры — аднаго з галоўных культурных цэнтраў старажытнага свету; а таксама сінагога III стагоддзя н. э. з Дура-Еўропаса.

Музей доўгі час быў закрыты. У 2012 годзе, праз год пасля пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі, ён прыпыніў працу, большая частка калекцыі была эвакуяваная. У 2018 годзе музей часткова адкрыўся, а поўнасцю аднавіў працу толькі ў студзені 2025 года пасля змены рэжыму Башара Асада.

Усе шэсць аб’ектаў Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА ў Сірыі пацярпелі або былі часткова знішчаныя падчас грамадзянскай вайны. Тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» выбухамі знішчыла некалькі храмаў у Пальміры, называючы іх «ідалапаклонствам», што ЮНЕСКА расцаніла як ваеннае злачынства. Многія артэфакты ў музеях і на помніках таксама былі знішчаныя або скрадзеныя.

Чытайце таксама:

У Нацыянальным мастацкім музеі выстава да 120‑годдзя Андрэя Бембеля, заснавальніка беларускай школы скульптуры

Фанаты Тэйлар Свіфт наваднілі музей у Германіі, каб пабачыць карціну, да якой спявачка зрабіла адсылку ў сваім новым кліпе

У Нацыянальнага мастацкага музея новая дырэктарка. Мінулай была незадаволеная Пяткевіч

Паролем ад камер відэаназірання ў абрабаваным Луўры было слова «Луўр»

«Дробныя зладзюжкі». Рабаванне Луўра здзейснілі жыхары беднага прыгарада Парыжа

Каментары да артыкула