БЕЛ Ł РУС

Сырскі: Расіяне нясуць на фронце каля Пакроўска значныя страты

13.11.2025 / 21:12

Nashaniva.com

Расійскія войскі нясуць значныя страты на фронце каля горада Пакроўск, які застаецца ключавым напрамкам іх наступу. Дзеянні УСУ на суседнім ачарэцінскім напрамку паміж Дабраполлем і Канстанцінаўкай прымушаюць ворага расцярушваць сілы і не даюць яму сканцэнтраваць асноўныя высілкі на Пакроўску, паведаміў галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі.

Аляксандр Сырскі. Фота: Facebook

Па словах Аляксандра Сырскага, у Пакроўску і яго ваколіцах эфектыўна дзейнічаюць украінскія абаронцы з механізаваных войскаў, брыгад дэсантна-штурмавых войскаў, 425‑га асобнага штурмавога палка, аператары беспілотных сістэм і іншыя падраздзяленні. Расіяне працягваюць несці страты як у жывой сіле, так і ў тэхніцы. Іх штурмавыя групы і месцы іх канцэнтрацыі выяўляюцца і знішчаюцца.

Асаблівая ўвага надаецца ўмацаванню падраздзяленняў на гэтым напрамку, забеспячэнню войскаў усім неабходным і ўмацаванню лагістычных маршрутаў. Актыўныя дзеянні на ачарэцінскім напрамку не дазваляюць ворагу канцэнтраваць асноўныя сілы ў раёне Пакроўска. За час аперацыі ўжо вызвалена 189 км² тэрыторыі і 257,7 км² ачышчана ад дыверсійна-разведвальных груп расійскай арміі.

На гуляйпольскім і арэхаўскім напрамках у Запарожскай вобласці расіяне надалей спрабуюць знясільваць украінскія падраздзяленні масаванымі абстрэламі і дзеяннямі малых штурмавых груп, але таксама і там нясуць вялікія страты. УСУ блакуюць і робяць комплексныя агнявыя ўдары па акупантах каля населеных пунктаў Яблыкава, Вясёлае і Салодкае, а таксама робяць пошукава-ўдарныя дзеянні супраць варожых дыверсійных груп. За апошні дзень у зоне дзеянняў украінскай групоўкі «Поўдзень» расіяне, па словах Аляксандра Сырскага, страцілі 239 чалавек і 43 адзінкі тэхнікі.

Сырскі таксама паведаміў пра нарошчванне ўдараў па аб’ектах на тэрыторыі Расіі і часова акупаваных тэрыторыях Украіны. З пачатку лістапада, па яго словах, стратэгічна (Deep Strike) былі знішчаныя 33 аб’екты ворага, а на аператыўным узроўні (Middle Strike) — 41. Для комплексных удараў выкарыстоўваюцца сродкі дальніх удараў украінскай распрацоўкі: «Фламінга», «Барс» і «Люты».

Чытайце таксама:

Украінскія войскі працягваюць адступаць на гуляйпольскім кірунку

Ва Украіну вярнулася хвароба акопаў Першай сусветнай вайны — газавая гангрэна

Расійскія войскі занялі чатыры сялы пад Запарожжам, пагроза навісла над горадам Гуляйполе

Абарону Пакроўска ламае расійскае падраздзяленне «Рубікон»

Зяленскі — пра вывад войскаў з Пакроўска: Ніхто не прымушае іх гінуць дзеля руін

«Гэта сапраўдная небяспека для Украіны». Ва УСУ расце колькасць выпадкаў самаволак і дэзерцірства

Каментары да артыкула