«Лукашэнка-стайл». Генпракурор Польшчы выйшаў публічна пасячы дровы і даў нагоду для кпінаў
Міністр юстыцыі і генпракурор Польшчы Вальдэмар Журэк апублікаваў у сацсетцы X відэа, дзе ён паказвае, як правільна секчы дровы. Так ён павіншаваў прафесіяналаў з Сусветным днём лесаруба, які адзначаецца 12 лістапада. Аднак нават польскія каментатары адразу ж угледзелі ў гэтым падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам, які таксама вядомы сваёй любоўю да публічнай дэманстрацыі гэтага занятку, піша Most.
«Сёння мы павучымся, як добра сячы дровы так, каб не прычыніць сабе шкоды і каб быў добры эфект. Сякера — гэта аснова. Добры інструмент, добры цурбан, роўна ўсталяваны і роўна нарэзаныя калкі. Вельмі здорава. Трохі сілы і трошкі вытрымкі», — вучыць міністр, перад тым як прыступіць да справы.
Пасля ён па-майстэрску рассякае кавалак дрэва.
«Дровы сякуць — трэскі ляцяць», — дадаў ён і павіншаваў лесарубаў.
Гэты пост не абышлі ўвагай польскія апазіцыйныя палітыкі і журналісты. Выданне DoReczy (у сістэме польскіх медыя яно характарызуецца як правае) сабрала дасціпныя выказванні, у якіх каментатары знайшлі падабенства паміж Журэкам і Лукашэнкам.
«Вучань перасягнуў настаўніка», — напісала дэпутатка Еўрапарламента ад партыі «Права і справядлівасць» Анна Залеўская і размясціла фота Лукашэнкі перад расколатым напалам цурбаном.
«Тыя самыя стандарты. Шміт вядзе сацсеткі Журэка?» — напісаў дэпутат ад таго ж «ПіСа» Дарыюш Мацецкі, маючы на ўвазе польскага суддзю Томаша Шміта, які ўцёк у Беларусь. І прыклаў відэа, дзе Лукашэнка працуе сякерай на чэмпіянаце па біцці дроў сярод беларускіх журналістаў.
«Лукашэнка-стайл», — пракаментаваў Яцэк Лізінкевіч, журналіст іншага выдання правага толку Gazeta Polska.
Чытайце таксама:
Эйсмант апраўдвалася, чаму Лукашэнка праігнаруе чэмпіянат па колцы дроў
Лукашэнка ў Душанбэ не хадзіў на кароткую прагулку з лідарамі краін СНД