Мсціслаў Мекта: яшчэ адзін рэцыдывіст рвецца ва ўладу, прыкінуўшыся спецназаўцам-ябацькам
У кола найвышэйшай беларускай наменклатуры пралез чарговы сын лейтэнанта Шміта. У дарэпрэсійныя часы фізіяномія Мсціслава Мекты не злазіла з дошкі «Іх шукае міліцыя», а сёння ззяе са старонак БелТА і «СБ». Функцыянер ЛДПБ, палітычны каментатар, патрыёт, выхавацель, без пяці хвілін чыноўнік, рэцыдывіст. Выдаючы сябе за ветэрана спецназа, крымінальнік Мекта братаецца з Карпянковым. Маючы дзевяць класаў адукацыі, паступае на ідэолага ў магістратуру Акадэміі кіравання. Расказваем пра чалавека неардынарных талентаў, які вылез у людзі з самага дна.
Калі чыноўнікаў і рознага роду актывістаў лукашызму прыціснула разнарадкай ісці прапаведаваць у сацсеткі, беларускі сегмент фэйсбука, інстаграма і трэдсаў стаў новым месцам для выслужвання.
Хор даўніх крыкуноў «за Лукашэнку» разбавілі і новыя галасы, для якіх выпячванне сваёй лаяльнасці — магчымасць падняцца ў сістэме або нават уліцца ў яе.
Вэб-ударнік Мсціслаў Мекта прадукуе больш «патрыятычнага» кантэнту, чым пара ідэалагічных райаддзелаў. І паціху пралазіць у школы, вайсковыя часці і СМІ. Фота: Facebook.com
На аднаго з энерджайзераў апошняй катэгорыі і звярнула ўвагу «Наша Ніва». Мсціслаў Мекта генеруе сотні «адабрам-с» пастоў у месяц на розных платформах: вось я са сцягам, вось я з аўтаматам, вось я прыклад для школьнікаў, вось я чытаю даклад у Цэнтрвыбаркаме, вось я заклікаю беларусаў «любіць радзіму і паважаць Прэзідэнта».
Не будучы да таго нічым і нікому вядомым, Мекта выкладвае сяброўскія фота з такімі людзьмі і ў такіх абставінах, у якія звычайнаму чалавеку не трапіць: міністры, генералы, паслы ўсходніх дэспатый, вучэнні спецназа, форумы бяспекі, «блатныя» суботнікі.
Прадстаўляецца Мекта ардэнаносным функцыянерам паўлічэнкаўскай асацыяцыі ветэранаў спецназу «Гонар» («Честь»), членам Цэнтральнага камітэта гайдукевіцкай партыі ЛДПБ і старшынёй яе Савецкай раённай арганізацыі па Мінску, а таксама магістрантам Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія».
Прыгожае развітальнае фота пасла Се Сяоюна. Фота: Facebook.com
І ўсё гэта праўда — у Мекты ёсць пасведчанні і таго, і таго, і сапраўдная студэнцкая кніжка таксама. Толькі ёсць і нюанс.
Бескампрамісны «законнік» Мікалай Карпянкоў моцна цісне руку блатаце, ражанай у форму ўнутраных войскаў, якімі сам жа Карпянкоў і кіруе. Фота: Facebook.com
Узыходзячая зорка прапаганды ніколі не служыла ў спецназе, а з’яўляецца мінімум тройчы судзімым крымінальнікам з 9 класамі адукацыі. Афіцыйныя падрабязнасці яго захапляльнай біяграфіі з базаў даных «Нашай Ніве» падаў Belpol.
Мсціслаў Мекта з міністрам прыродных рэсурсаў Сяргеем Масляком на «міністэрскім» суботніку. Фота: Facebook.com
З гразі ў князі
Мсціслаў Мекта нарадзіўся ў Мінску ў 1985 годзе ў сям’і кіроўцы і прыбіральшыцы. Скончыў дзевяць класаў школы №67, адукацыю працягваць не стаў, у войску не служыў. Мяркуючы па звестках з базы даных, лічыўся намінальным дырэктарам у прыватных арганізацыях, якія на гэты момант ліквідаваныя. Пазней пайшоў па крымінальнай лініі.
Мсціслаў Мекта ў маладосці. Да 2020‑х кантэнт ягоных сацсетак у асноўным складалі рэпосты з блатных і пацанскіх цытатнікаў. Фота: OK.ru
Першы раз Мекту судзілі ў 2007 годзе па ч.1 і ч.2 артыкула 209 (махлярства і махлярства паўторна) і ч.1 артыкула 431 (дача хабару). Прысуд ліберальны — два з паловай гады хатняй хіміі.
Станам на сярэдзіну 2021 года ў базе «Белпола» ёсць 39 запісаў аб абмежаванні выезду з Беларусі, накладзеных на Мекту.
Выезд абмяжоўваюць у выпадках, калі чалавек знаходзіцца пад следствам, пад падпіскай аб нявыездзе, знаходзіцца ў СІЗА, у аператыўнай распрацоўцы, пад прэвентыўным наглядам, мае нясплочаныя даўгі і гэтак далей.
Два разы Мекту абвяшчалі ў вышук. Падрабязнасці гэтых спраў мы не ведаем праз няпоўнасць базы.
Але форумы аўтамабілістаў памятаюць Мекту як чалавека, які ў 2015‑м годзе «прадаваў» неіснуючыя рухавікі, беручы перадаплату наперад, а потым сцвярджаючы, што рухавік нібыта захрас на мытні. Грошы Мекта не вяртаў, праз форум шукалі іншых пацярпелых для напісання калектыўнай заявы аб махлярстве.
Фота: drive2.ru
У 2019 годзе Мекта атрымаў два гады калоніі-пасялення з забаронай на пяць гадоў кіраваць машынай. Гісторыя была гучная — бяспраўнік на «Аўдзі» імчаўся па праспекце Дзяржынскага на хуткасці 137 км/г. Палёт быў перарваны бетонным уваходам у станцыю метро «Грушаўка».
Яго дзяўчына — і будучая жонка — Ангеліна Казлова атрымала цяжкія цялесныя пашкоджанні, але прасіла не караць жаніха. Маўляў, спазнялася на маршрутку, таму сама прыспешвала гоншчыка.
Аварыя Мекты. Фота: Onliner.by
Мекта прабыў за кратамі нядоўга. Адзін год з'ела амністыя, а там прапанавалі і ўмоўна-датэрміновае.
У канцы 2020‑га Мекту зноў злавілі за рулём і судзілі яшчэ раз. Абышлося вялікім штрафам, але забарону на атрыманне правоў працягнулі да лютага 2025 года.
Ці прытрымліваўся ён забароны на кіраванне? Ды не, пляваў на закон. Са свайго тэлеграм-акаўнта Мекта актыўнічаў у чатах механікаў, спрабуючы разабрацца, чаму яго машына кепска едзе.
Скрыншот выгружанага архіва паведамленняў карыстальніка @Mstyslau [id418239210]
Апроч крымінальных прыгод, біяграфія Мекты ўяўляе сабой цёмную пляму.
Напачатку 2020‑х ён, імаверна, гандляваў усім запар на рынку, таму што ягоны тэлефонны нумар (гэта мы праверылі праз спецыяльныя сэрвісы) падпісаны ў іншых людзей як «Мсціслаў Мяса», «Сала Слава Зел Луг», «Слава Рынак», «Запчасткі Мінск», «Выкуп грузавіка», «Прадуктовая крама».
Прадуктовая крама на Мележа ў Мінску, якую рэкламаваў Мекта ў тэлеграм-чатах. Фота: Вайбер
У 2021‑м годзе Мекта забіваў эфір рэкламай прадуктовай крамы ў раённых чатах Мінска. Праўда, іншыя ўдзельнікі чатаў заклікалі забаніць спамера, «таму што ў гэтай краме перапрадаюцца тавары са «Святлафора» з чатырохразовай нацэнкай». Мекта крыўдзіўся і прапаноўваў аддаць памяшканне разумнікам, каб яны там адкрывалі што хочуць, хоць памяшканне было не ягонае, а ў арэндзе.
Чым ён яшчэ займаўся да 2023 года — даты, калі з’явіўся ў атачэнні Гайдукевіча-малодшага — вядома слаба. Такім чынам, дарога Мекты «ва ўладу» незразумелая, але факт у тым, што трамплінам для прайдзісвета стала ЛДПБ.
Вясной 2023 года Мсціслаў завёў чыстыя сацыяльныя старонкі ў фэйсбуку і інстаграме.
Першай публікацыяй стала сэлфі на фоне чырвона-зялёнага сцяга, другой — лагатып ЛДПБ, трэцяй — групавое фота са з’езда партыі.
Дэбютнае «палітычнае» фота Мекты. Фота: Facebook
Як аднапартыец Гайдукевіча Мекта наблатыкаўся на VIP-мерапрыемствах, куды хадзіў у кампаніі начальніка.
Аляксандр Шпакоўскі сямейнічае з актывістамі на нейкім з рэжымных прыёмаў. Прынамсі двое на фота судзімыя. Фота: Facebook.com
І ўрэшце стаў на правераны і надзейны патрыятычны трэк.
«Дзеці вайны». Мерапрыемства ў бабруйскім дзіцячым лагеры «Арляня». Судзімыя (абодва) актывісты ЛДПБ вучаць дзяцей гістарычнай памяці. Фота: Facebook.com
Мекта не прапускаў ніводнай памятнай даты, уплішчваўся ў дэлегацыі па ўскладанні кветак і пераняў эстэтыку — зусім як дарослы ябацька начапіў на лацкан значак з чырвона-зялёным сцягам (раней такія дазвалялі насіць толькі функцыянерам або дэпутатам з сенатарамі).
Мсціслаў Мекта ў складзе дэлегацыі трэцяга эшалона ўлады, першы злева, у адным шэрагу з Вольгай Чамаданавай. Фота: Скрыншот Youtube
Мсціслаў на хаду навучаўся канцылярскаму рэгістру і ўрэшце пачаў афармляць ім свае допісы, кшталту: «У рамках фестываля «Свята лёну» 28‑29 чэрвеня ў Мінску ў Верхнім горадзе праходзяць паказы мод, прысвечаныя льняной тэматыцы. Мерапрыемства заклікана папулярызаваць нацыянальныя традыцыі і дэманстраваць перспектывы выкарыстання лёну ў розных сферах, уключаючы лёгкую прамысловасць і мастацкія промыслы […]»
Спраўляецца Мекта яўна не без чужой дапамогі, бо яго ўласныя паведамленні ў тэлеграм-чатах стракацяць граматычнымі і лагічнымі памылкамі.
Рэцыдывіст Мекта па ўсёй бачнасці «прафілактуе» нейкага грамадзяніна разам з міліцыяй у складзе камісіі па беспрацоўі. Фота: Facebook.com
За год плённага нэтворкінгу Мекта знайшоў сабе новага патрона — сумнавядомага Дзмітрыя Паўлічэнку, экс-начальніка в/ч 3214, з чыім імем звязваюць забойствы апанентаў Лукашэнкі ў 90‑х — 2000-х.
Паўлічэнка прыняў Мекту ў шэрагі ветэранскай арганізацыі спецназаўцаў «Гонар» («Честь»).
Мсціслаў Мекта і Дзмітрый Паўлічэнка, адно з многіх сумесных фота. Фота: Facebook.com
З гэтага моманту Мекта абгарнуўся кіцелем спецназаўца ўнутраных войскаў і ў новым амплуа ўзяў пазыўны — «Дэпутат».
Як баец «Дэпутат» гэты сын лейтэнанта Шміта стаў удзельнічаць у зборах вайскоўцаў запасу ўнутраных войскаў і атрымаў у рукі зброю, што ў сітуацыі Мекты супярэчыць не толькі здароваму сэнсу, але і беларускаму заканадаўству.
Судзімы Мекта, які ніколі не служыў у войску, у бардова-белай цяльняшцы і ў кепцы ўнутраных войскаў на зборах для ветэранаў. Фота: Facebook.coom
Вытрымка з закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», артыкул 31:
«Прызыву на тэрміновую вайсковую службу, вайсковую службу афіцэраў па прызыве, службу ў рэзерве не падлягаюць грамадзяне:
— якія адбылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ў папраўчых установах; […]».
Але ў краіне не да законаў, і рэцыдывіст нават атрымаў грамату ад начальніка часці 3214, палкоўніка Дзмітрыя Мікшы.
Паўлічэнка выпісаў выдатніку медаль «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».
Паралельна з гэтым Мекта стаў даверанай асобай Гайдукевіча-малодшага на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года, а таксама старшынёй каардынацыйнай рады ЛДБП па Савецкім раёне Мінска.
І аказаўся экспертам-каментатарам для «СБ» і БелТА па пытаннях выканання законнасці на выбарах.
«За час датэрміновага галасавання нашымі назіральнікамі не зафіксавана ніякіх парушэнняў», — запэўніваў рэцыдывіст са старонак БелТА.
Узлёт у палітычныя каментатары і функцыянеры ЛДПБ паўплываў і на «вайсковую» кар'еру ашуканца.
У чэрвені 2025 года Мекта павысіў сябе да малодшага сяржанта і прыляпіў на правы бок грудзей знак «За самаадданую службу» ІІ ступені.
Малодшы сяржант запасу ўнутраных войскаў Мсціслаў Мекта летам 2025-га. Адметнасці фота дадае факт, што нагрудны значок «За самаадданую службу II ступені» ён мог атрымаць толькі з рук Карпянкова, бо такі закон. А мог наляпіць і сам. Такія нядорага прадаюцца на барахолках. Фота: Facebook.com
Вытрымка з палажэння аб нагрудным значку ўнутраных войскаў МУС «За самаадданую службу»:
1) […] узнагароджваюцца вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС за:
— смеласць і рашучасць, высокі прафесіяналізм пры выкананні задач, ускладзеных на ўнутраныя войскі, у тым ліку пры забеспячэнні прававых рэжымаў контртэрарыстычнай аперацыі, надзвычайным і ваенным становішчы;
— рацыяналізатарскія прапановы і ўкараненне асабліва каштоўных вынаходніцтваў у дзейнасці ўнутраных войскаў;
— высокія паказчыкі ў баявой (прафесійнай) падрыхтоўцы і вайсковай (службовай) дысцыпліне;
— высокія вынікі ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў унутраных войскаў і органаў унутраных спраў.
[…] Парадак прадстаўлення да ўзнагароджвання нагрудным знакам ІІ ступені вызначаецца намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі.
[…] узнагароджванне нагрудным знакам ІІ ступені робіцца загадам камандуючага ўнутранымі войскамі.
[…] нагрудны знак і пасведчанне да яго ўручаюцца камандуючым унутранымі войскамі або іншымі асобамі па яго даручэнні асабіста ўганараванаму ва ўрачыстай абстаноўцы.
І кар'ера Мсціслава толькі разганяецца.
Восенню 2025 года Мекта стаў слухачом паўтарагадовых курсаў перападрыхтоўкі кіраўнічых кадраў у Акадэміі кіравання па спецыяльнасці «Дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія».
Мсціслаў ходзіць на пары як на работу ў выканкам — пры пінжаку і гальштуку. Фота: Facebook.com
Як яму гэта ўдалося — яшчэ адна загадка. Дзякуючы Belpol мы маем апошні крымінальны прысуд, вынесены Мекту ў пачатку 2021 года. Там у даведачнай інфармацыі пра абвінавачанага сказана, што яго адукацыя — базавая (9 класаў).
Для перападрыхтоўкі трэба быць бакалаўрам — у снежні 2024‑га Мекта хваліўся заканчэннем дыстанцыйнага аддзялення Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Паводле беларускага заканадаўства, чалавек з базавай адукацыяй ва ўніверсітэт паступіць не можа — патрабуецца сярэдняя або сярэдне-спецыяльная, але атрыманне сярэдне-спецыяльнай пасля базавай займае тры гады.
Такім чынам, Мекта з 2021 года невытлумачальным спосабам скараціў сваю акадэмічную дарогу і яшчэ праз год у тэорыі зможа атрымаць прызначэнне ў дзяржаўныя структуры.
Апошняе, чым пахваліўся наш герой у сацыяльных сетках — гэта наведванне базы АМАПа і ўступленне ў грамадскае аб’яднанне «Чорныя берэты». Цяпер ён яшчэ і ветэран АМАПа.
Хто ведае, куды спрыяльныя часы занясуць гэтага безумоўна адоранага прайдзісвета ў будучыні.
Гісторыя аднаго з яго папярэднікаў, іншага сына лейтэнанта Шміта — Сяргея Заслаўскага-Аўтуховіча, — скончылася сумна. Яго адправілі на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.
Чытайце таксама:
Ябацька лейтэнанта Шміта. Шматразова судзімы рэцыдывіст выдаў сябе за ветэрана спецназа і дарос да міністэрскага ўзроўню РАССЛЕДАВАННЕ
«Ябацька лейтэнанта Шміта», які вадзіў за нос міліцыю і Саўмін, трапіў у СІЗА
Эталоннага ябацьку прызналі неадэкватным і збіраюцца лячыць
{DONATE_PAYPAL}