Польшча адкрывае два пераходы на мяжы з Беларуссю, але пакуль з вялікімі абмежаваннямі
Міністэрcтва ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы плануе з 17 лістапада адкрыць два памежныя пераходы з Беларуссю: Баброўнікі — Бераставіца і Кузніца — Брузгі. Праект па гэтай справе быў апублікаваны ў чацвер на сайце Урадавага цэнтра.
Пераход у Бераставіцы. Фота: Yandex.maps
Згодна з праектам распараджэння 17 лістапада 2025 г. будзе адноўлены памежны рух на двух дарожных памежных пераходах, паведамляе Pap.pl
Праектам прадугледжваецца, што рух праз пункт пропуску «Кузніца-Брузгі» будзе адкрыты для пасажырскага транспарту, за выключэннем аўтобусаў. Рух праз пункт пропуску «Бераставіца-Баброўнікі» — для пасажырскага і грузавога транспарту, у тым ліку і для аўтобусаў.
Рух грузавога транспарту праз «Баброўнікі» будзе дазволены толькі для транспартных сродкаў, зарэгістраваных у краінах ЕС, Еўрапейскай зоны свабоднага гандлю, Еўрапейскай эканамічнай прасторы і Швейцарыі.
«Праектаваныя дзеянні маюць на мэце аднаўленне перамяшчэння людзей і тавараў, што з’яўляецца адказам на чаканні грамадскага боку, у прыватнасці вялікай групы прадпрымальнікаў, перавозчыкаў і асоб, якія ездзяць на працу з Беларусі ў Польшчу», — чытаем у абгрунтаванні праекта. У межах дарог дзяржаўнага значэння існуе ўсяго шэсць памежных пераходаў з Беларуссю.
Гатоўнасць да аднаўлення руху на двух памежных пераходах у Баброўніках і Кузніцы Беластоцкай абяцаў у кастрычніку прэм’ер Дональд Туск. Ён адзначыў тады, што адкрыццё адбудзецца на пробу, пасля кансультацый з Літвой.
Пераход у Кузніцы не працуе з лістапада 2021 г. Яго закрылі, калі адбылася атак мігрантаў з боку Беларусі. Пераход у Баброўніках закрылі ў лютым 2023 г. пасля прысуду журналісту Анджэю Пачобуту.
Пасля гэтага на мяжы Беларусі і Польшчы засталіся пераходы «Брэст-Тарэспаль» для пасажырскага транспарту і аўтобусаў і пераход «Казловічы-Кукурыкі» для грузавога транспарту.
Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.