Беларускія ўдзельнікі Форуму Астрожскіх у Кіеве правялі ноч у бамбасховішчах з-за масіраванага абстрэлу
«Брутальная атака», — коратка ахарактарызаваў сітуацыю «Позірку» адзін з удзельнікаў імпрэзы, галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.
Фота: Нацыянальная паліцыя
Ён уначы мусіў хавацца ў бамбасховішчы гатэлю ў цэнтры Кіева.
Паводле ўкраінскіх СМІ, горад атакавалі шматлікія дроны, зафіксаваныя пускі ракет. Пашкоджаныя жылыя дамы, пацярпелі людзі. Асноўнай мэтай атак называюцца аб’екты энергетычнай сферы.
Другі (палітычны) этап IV украінска-беларускага Форуму Астрожскіх пройдзе 14 і 15 лістапада. Першы (экспертны) адбыўся ў Львове 11 і 12 лістапада, там было спакойна.
У выніку прылёту беспілотнікаў на Кіеў загінулі тры чалавекі, паведаміў мэр горада Віталь Клічко. Паводле яго слоў, колькасць ахвяр можа змяніцца, бо пад заваламі могуць заставацца людзі. Пацярпелі 25 чалавек, з іх 9 шпіталізаваныя.
Ад абломкаў БПЛА пашкоджаны жылыя дамы ў многіх раёнах сталіцы Украіны. У ДСНС Украіны дадалі, што пасля падзення фрагментаў беспілотніка ў доме ў Абалонскім раёне пачаўся пажар у кватэрах з 7 па 9 паверхі агульнай плошчай 100 кв. м. Яго ўжо пагасілі.