Пад Астраўцом прыбралі помнік паўстанцам 1863 года, пастаўлены жыхарамі раёна
З вёскі Слабодка Астравецкага раёна, што на пад’ездзе да памежнага пункта «Катлоўка — Лаварышкі» на беларуска-літоўскай мяжы, знік помнік паўстанцам 1863 года ў выглядзе велізарнага мяча.
Помнік паўстанцам 1863 года ў Слабодцы Астравецкага раёна да знікнення.
Пра знікненне помніка паведаміў тэлеграм-канал «Спадчына».
Гранітны меч, напалову засаджаны ў зямлю, усталявалі ў 2013 годзе — да 150‑годдзя паўстання Кастуся Каліноўскага. Цяпер на месцы манумента засталася толькі пляцоўка з каменных, быццам раструшчаных гэтым мячом, пліт.
Манумент паўстаў выключна на прыватныя сродкі і быў створаны як сімвалічнае ўшанаванне ўсіх, хто змагаўся і гінуў за свабоду краю.
Месца, дзе знаходзіўся помнік, у канцы верасня 2025 года. Фота: Яндэкс Карты
Месца, дзе знаходзіўся помнік. Фота: Яндэкс Карты
Аўтар помніка Ігар Засімовіч тлумачыў, што меч не толькі нагадвае пра зброю паўстанцаў, але і адсылае да старажытнай традыцыі: меч як крыж, якім благаслаўлялі воінаў і праводзілі загінулых. Два крыжы на рукаятцы — каталіцкі і праваслаўны — аб’яднаныя ў адну перакладзіну, што сімвалізавала еднасць хрысціян Беларусі ў барацьбе за яе волю.
На лязе быў выбіты пароль касінераў: «Каго любіш? — Беларусь! — То ўзаемна…»
Помнік стаяў на пагорку і стаў значнай кропкай гістарычнай памяці, прывабліваючы даследчыкаў, падарожнікаў і мясцовых жыхароў.
«Пагоня» на галоўцы мяча. Фота: Яндэкс Карты
З'яўленне помніка ў Слабодцы выклікала вострую рэакцыю ў шэрагу прарасійскіх актывістаў і рэсурсаў, у тым ліку сумна вядомага «Рэгнума». Яны заяўлялі, што помнік пастаўлены незаконна, і патрабавалі ад мясцовых уладаў яго знесці. Тады ў Гродзенскім аблвыканкаме пацвердзілі, што манумент пастаўлены без узгаднення, але падкрэслілі, што зносіць яго не збіраюцца, каб, маўляў, не даваць нагоды апазіцыі падняць інфармацыйны шум.
Пасля таго помнік прастаяў яшчэ дванаццаць гадоў, але незаўважна і без якіх-небудзь тлумачэнняў знік, наколькі нам вядома, некалькі месяцаў таму. Хоць знос помніка цалкам упісваецца ў агульны ідэалагічны трэк вынішчэння памяці пра вызвольнае паўстанне 1863 года, дакладна невядома, ці было гэта рашэнне ўладаў, ці ініцыятыва ўласнікаў тэрыторыі.
Чытайце таксама:
У пераддажыначным Заслаўі загаварыў па-расейску Сымон Будны ФОТАФАКТ
Расія паставіць у Магілёве помнік арганізатару палітычных забойстваў