Ад экс-палітвязня Ігара Карнея патрабуюць пагасіць запазычанасць за побыт на Валадарцы
Пра гэты выпадак журналіст, які быў вызвалены 21 чэрвеня, расказаў у сваім фэйсбуку.
«Аказваецца, патрабуюць пагасіць запазычанасць за атрыманыя паслугі на Валадарцы. За 2023 год! Паўтары базавыя, то-бок 63 рублі! Пры гэтым юрысты кажуць, што спагнанне абсалютна незаконнае: пакуль чалавек у статусе падазраванага і следства толькі высвятляе абставіны «злачынства». Схамянуліся, калі ўжо і СІЗА №1 даўно пераехала ў Калядзічы, і базавая вырасла на 5 рублёў. Прыдумаць чарговую абдзіралаўку заднім чыслом — як два пальцы. Памножыць на дзясяткі тысяч палітычных, якія прайшлі праз Пішчалаўскі замак, — хоць якая прыбаўка. Да таго ж, акрамя паўгода ў 2023-м, яшчэ тры з паловай месяцы быў там ад пачатку 2024-га, значыць, у чаканні дадатковай позвы», — напісаў ён.
Ігар Карней дадаў, што ён нават гатовы аддзячыць, паколькі Валадарка — адзінае месца, якое на фоне іншых этапаў можна назваць яшчэ адносна гуманным, а таксама падзяліўся яшчэ адной гісторыяй.
«Літаральна за пару тыдняў да аперацыі «дэпартацыя» са здзіўленнем пабачыў на стэндзе ў мазырскай калоніі «спіс ганьбы» — даўжнікі, на якіх вісяць матэрыяльныя пазовы. У маім выпадку — уніформа, атрыманая ў зоне №17. Якую амаль не насіў, бо адразу з каранціну ўсю шклоўскай кадэнцыю адсядзеў у адзіночках ізалятараў.
Тую хімічную робу, у якой абліваешся потам летам і прамяршзаеш да касьцей зімой, ацанілі ў 200 рублёў (спадзяюся, некалі стане музейным экспанатам разам з іншымі сведчаннямі катавальняў). Але трэба думаць, таксама недзе вылезе бокам. За капейку ў дэфіцытным бюджэце задушацца, можна не сумнявацца…» — напісаў журналіст.
Журналіст Радыё Свабода быў затрыманы 17 ліпеня 2023 года неўзабаве пасля пахавання мастака Алеся Пушкіна. Журналісту інкрымініравалі «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Магчыма, фармальнай прычынай пераследу сталі здымкі, зробленыя на пахаванні і пасля апублікаваныя ў незалежных медыя.
22 сакавіка 2024 года яго асудзілі на тры гады калоніі. Карнея адправілі адбываць пакаранне ў калонію №17 у Шклове.
Журналіста некалькі разоў кідалі ў калоніі ў памяшканне камернага тыпу, а ўрэшце прысудзілі яшчэ 10 месяцаў зняволення за «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі».
Выйшаў на волю 21 чэрвеня 2025 года ў ходзе вызвалення 14 палітвязняў, што адбылося пасля візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск.,