БЕЛ Ł РУС

У Гомелі вынеслі прысуд дачніку, які забіў суседа і закапаў труп у сябе на двары, а зверху пасадзіў дрэвы

15.11.2025 / 14:8

Nashaniva.com

У Гомелі вынесены прысуд дачніку, які забіў суседа і закапаў труп у сябе на двары. Крымінальную справу разгледзеў Гомельскі абласны суд, піша «Гомельская праўда».

6 красавіка 2025 года 77‑гадовы абвінавачаны распіваў спіртное са знаёмымі ў гасцях у аднаго з іх. Потым ён накіраваўся да сябе на лецішча разам з 45‑гадовым таварышам. Там яны працягнулі ўжываць алкаголь, і ў пэўны момант паміж імі ўзнік канфлікт.

Тады пенсіянер узяў табурэт і ўдарыў суседа па галаве, паўтарыў гэта яшчэ раз, пасля чаго нанёс больш за 30 удараў нажом, рукамі і нагамі. Мужчына памёр ад вострай страту крыві, у тым ліку з-за пашкоджання соннай артэрыі.

У той дзень пенсіянер пайшоў начаваць да суседа пад падставай таго, што дом не прагрэты і там халодна. Раніцай вярнуўся да сябе на лецішча, загарнуў труп у брызент і схаваў на ўчастку. Потым прыбраўся ў доме, каб схаваць сляды злачынства, узяў заплечнік ахвяры і накіраваўся ў абласны цэнтр. Хацеў заблытаць следства, таму пакінуў рэчы забітага ў грамадскім транспарце.

На наступны дзень ён зноў прыехаў на лецішча, выкапаў яму каля хлява і змясціў у яе труп. На ўтвораным пясчаным насыпу пасадзіў некалькі парасткаў дрэў і агарадзіў тэрыторыю невялікай агароджай. Лішкі пяску вывез у іншае месца.

Першай знікненне 45‑гадовага мужчыны насцярожыла кума забітага. Справа ў тым, што на іх тэлефонах было ўстаноўлена спецыяльнае прыкладанне, якое адсочвала месцазнаходжанне кантакту ў рэжыме рэальнага часу. Аднак 6 красавіка даныя пра знаходжанне пацярпелага перасталі абнаўляцца, а сігнал перапыныўся якраз у доме абвінавачанага. Калі сваяк загінулага патэлефанаваў забойцу, каб паспрабаваць высветліць якую-небудзь інфармацыю, той адказаў, што нічога не ведае. Кум звярнуўся ў міліцыю, да пошукаў падключыліся супрацоўнікі ПВА «Сімуран». Яны знайшлі замаскіраваную магілу і выявілі ў ёй труп.

Гомельскі абласны суд прызнаў пенсіянера вінаватым у забойстве, учыненым з асаблівай жорсткасцю, і прызначыў 12 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама ён абавязаны прайсці прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула