Нарвегія ўпершыню з 1998 года адабралася на чэмпіянат свету па футболе
Учора ў гасцях нарвежцы разбілі Італію 4:1 і выйшлі на чэмпіянат свету па футболе з першага месца ў групе.
Галоўная зорка Нарвегіі Эрлінг Голан (на фота справа). Фота: Marco Luzzani / Getty Images
Італьянцы адкрылі лік на 11 хвіліне намаганнямі Федэрыка Эспазіта, але ў другім тайме Нарвегія забіла чатыры, у тым ліку двойчы вызначыўся форвард «Манчэстэр Сіці» Эрлінг Голан, які забіў свае 15‑ы і 16‑ы мячы ў рамках цяперашняга адбору.
Нарвежцы набралі 24 балы і фінішавалі першымі ў групе. У Італіі 18 балаў.
Чэмпіянат свету па футболе пройдзе з 12 чэрвеня да 16 ліпеня 2026 года адразу ў трох краінах: ЗША, Мексіцы і Канадзе. Упершыню ў ім возьмуць удзел 48 зборных.
Пуцёўкі ўжо заваявалі: ЗША, Мексіка і Канада (як арганізатары).
Ад Паўднёвай Амерыкі — Аргенціна, Уругвай, Бразілія, Парагвай, Калумбія, Эквадор,
ад Афрыкі — Каба-Вердэ, Алжыр, Туніс, Егіпет, ПАР, Марока, Гана, Сенегал, Кот д'Івуар.
ад Азіі — Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Катар, Узбекістан, Іярданія, Саудаўская Аравія.
ад Акіяніі — Новая Зеландыя.
Ад Еўропы пакуль жалезна пяць — Англія, Францыя, Харватыя, Партугалія, Нарвегія — і амаль са 100‑працэнтнай імавернасцю Іспанія, Нідэрланды і Швейцарыя.
12 каманд, што зоймуць другія месцы ў групе (+чатыры зборныя з Лігі нацый), згуляюць у сакавіку ў стыкавых матчах, каб вызначыць чатырох шчасліўчыкаў. Гэта Чэхія, Албанія, Італія, Украіна, і з імавернасцю 100 працэнтаў Польшча, Турцыя і Косава (калі не стануць першымі).
Адборачны турнір завяршаецца сёння і заўтра.
Зборная Беларусі правядзе апошні матч у аўторак, яна згуляе з Грэцыяй. Беларусы фінішавалі на апошнім месцы ў групе.
Чытайце таксама:
Футбольная зборная Беларусі здзейсніла сенсацыю дня ў Еўропе — 2:2 з Даніяй
На матч Украіна — Ісландыя ў Варшаве пранеслі вялікія расцяжкі «Ф*к Пуцін» і «Стоп Лука»
Зборная Беларусі больш за суткі дабіралася з Мінска да Капенгагена