БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка заявіў, што хоча і трэці блок, і новую АЭС

17.11.2025 / 12:12

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што трэці блок Беларусь можа амаль цалкам пабудаваць сама, а наконт другой АЭС ён дамаўляецца з Пуціным.

Беларускія спецыялісты могуць самі на 85‑90 працэнтаў пабудаваць трэці энергаблок Беларускай атамнай станцыі, а асноўныя элементы ўзяць у Расіі. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.

Ён распавёў, што з расійскім партнёрам «Расатамам» абмяркоўвалася будаўніцтва новай атамнай станцыі. 

«Вырашылі, што трэці блок пабудуем і будзем весці дыялог па будаўніцтве другой атамнай станцыі — зноў жа на ўсходзе [Беларусі]», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімір Пуцін, з якім ён абмяркоўваў гэта пытанне, падтрымаў ідэю будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС.

«Мы гатовы пабудаваць трэці блок. Непрымання ў прэзідэнта [Пуціна] няма абсалютна — адчуваю, ведаю яго падтрымку. У кіраўніка «Расатама» абсалютная падтрымка. Вядома, яны ў гэтым зацікаўлены, — сказаў Лукашэнка. — Тым больш што мы гатовы самі працэнтаў на 85‑90 пабудаваць гэту станцыю. Ну а інжынірынгі, рэактар — гэта расіяне. Асноўныя гэтыя элементы возьмем у Расіі, усё астатняе мы ўмеем рабіць. Нас расіяне навучылі пры будаўніцтве гэтай першай станцыі».

14 лістапада на нарадзе аб выніках работы БелАЭС было прынята рашэнне будаваць трэці энергаблок Беларускай АЭС у Астраўцы.

Паралельна з будаўніцтвам трэцяга энергаблока на БелАЭС будзе арганізавана работа па даследаванні пляцовак на тэрыторыі Магілёўскай вобласці, дзе ў далейшым можа быць прынята рашэнне аб стварэнні дадатковых атамных магутнасцей, піша БелТА. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула