Лукашэнка: Жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй
«Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер: адкрыйце мяжу. Мы яе не закрывалі».
Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што «жыццё прымусіць» Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя дачыненні з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта ён казаў 17 лістапада ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам.
«Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер: адкрыйце мяжу. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся. Гэта нашы суседзі, куды дзецца? Так, яны сёння кіруюцца звонку. Ведаеце, жыццё прымусіць… Прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць інтарэсы ў Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта [было] губляць гэтыя рынкі, губляць такія добрыя адносіны?»
Сёння ноччу Польшча, якая спадзяецца на вызваленне з беларускай турмы польскага актывіста Анджэя Пачобута, адкрыла два пераходы на беларускай мяжы.
А міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс заявіў, што Літва разглядае магчымасць адкрыцця двух закрытых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю яшчэ да канца лістапада. Хаця міністр адзначыў, што сітуацыя на мяжы з Беларуссю стала кантраляванай, прычына паскарэння адкрыцця мяжы, імаверна, у тым, што ў Беларусі аказаліся ў закладніках больш за 1000 літоўскіх фур.