БЕЛ Ł РУС

Што людзі кажуць аб праездзе праз «Брузгі» і «Бераставіцу» і чаму ў апошняй стаяць па 12 гадзін

17.11.2025 / 21:57

Nashaniva.com

А 2‑й гадзіне ночы 17 лістапада на беларуска-польскай мяжы зноў адкрыліся адразу два пераходы: «Брузгі — Кузніца» і «Бераставіца — Баброўнікі». «Наша Ніва» паглядзела, як людзі перасякаюць мяжу ў першыя гадзіны працы, што паказвае пачатковая статыстыка і як змяніліся аўтобусныя маршруты.

Фота: gpk.gov.by

«Найлепшая навіна за апошнія пяць гадоў»

Навіна пра аднаўленне працы адразу двух пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай была ўспрынятая беларусамі максімальна пазітыўна. Радасныя водгукі пісалі не толькі ў адмысловых прыгранічных чатах, але і ў каментарах пад навінамі ў сацсетках.

Асабліва не скупіліся на радасныя каментары падпісчыкі гродзенскіх паблікаў.

«Усіх з вялікім святам!!! Дачакаліся», — гучыць самы залайканы каментар пад адной з публікацый, прысвечанай адкрыццю мяжы ў Instagram-акаўнце «АўтаГродна».

«Навіна, якой многія чакалі пяць гадоў! І сапраўды, са святам», — гучыць каментар з 63 падабайкамі.

«Са святам нас. Ура!!!» — кажа іншы.

Фота: скрыншот з інстаграм-акаўнта партала «АўтаГродна»

Таксама ў каментарах хапае жартаў пра рост цэн на VW Passat B3/B4 — улюбёныя аўто для перавозкі паліва, бо ў іх бак на 100 літраў.

«Падрыхтаваць пасаты B3», — напісаў карыстальнік і сабраў 59 падабаек.

Фота: скрыншот з інстаграм-акаўнта партала «АўтаГродна»

Некаторыя жартавалі, што ў кантрабандыстаў будзе сапраўдны экстаз ад такіх навін. А для поўнага шчасця цяпер трэба наладзіць атрыманне віз, як гэта было раней.

Вялікага ажыятажу не назіралася

Нягледзячы на тое, што ў сацсетках і прыгранічных чатах было шмат радасці, на месцах вялікага ажыятажу не назіралася.

Перад самым адкрыццём мяжы польскім бокам выезду з Беларусі чакалі ўсяго 138 легкавікоў: 73 у «Бераставіцы», 65 у «Брузгах» і яшчэ 5 аўтобусаў.

У «Брузгах» чарга рассмакталася ўжо бліжэй да шостай раніцы, а ў «Бераставіцы» — каля дзясятай раніцы.

Першыя ўражанні ад «Брузгоў» — пазітыўныя

Людзі, якія былі зарэгістраваныя чацвёртымі ў зоне чакання, справаздачыліся ў адным з чатаў, што перасеклі абедзве мяжы за 26 хвілін.

Была невялікая чарга і з Польшчы ў Беларусь. У «Кузніцы» перад адкрыццём яна расцягнулася амаль на кіламетр, але за некалькі гадзін рассмакталася. І калі ноччу мяжу перасякалі за тры гадзіны, то раніцай і ў першай палове дня абедзве мяжы людзі пераязджалі менш чым за паўгадзіны.

Фота: скрыншот з тэлеграм-чата @granica_bypl

Пазней чарга на выезд з Польшчы ў Беларусь пачала зноў збірацца. Пры наяўнасці 40—50 аўто перад шлагбаумам праезд мяжы займае каля трох гадзін — дзеляцца ў чатах.

Па стане на 20:00 17 лістапада чарга расцягнулася на ўсю вёску Кузніца — ад шлагбаума да дарожнага знака.

На выезд з Беларусі ў той жа час чаргі ў «Брузгах» няма.

Агулам за першыя 18 гадзін працы «Брузгоў» у Польшчу праехалі каля 270 машын. Калі тэмп захаваецца, то за суткі будзе каля 350 аўто. Але гэта пры ўмове, што пастаяннай чаргі няма.

«Бераставіца» — вельмі марудна

З Беларусі ў Польшчу за першыя 18 гадзін працы выехала 122 легкавыя аўто, 6 аўтобусаў і 18 фур.

Дзякуючы аднаўленню працы «Бераставіцы» аўтобусы і маршруткі з Гродна ў Беласток і Варшаву цяпер едуць праз яе. 

Пры гэтым людзі ў чатах скардзяцца, што польскі бок у «Баброўніках» працуе вельмі марудна. На праходжанне мяжы ідзе па 7—8 гадзін. Аўтобус Гродна — Беласток, які а 8:40 заехаў у зону чакання, перасек мяжу наогул без малога праз 10 гадзін — а менавіта а 18:30. Іншыя паспявалі прайсці мяжу крыху хутчэй — за 8 гадзін.

Фота: скрыншот з тэлеграм-чата @granica_bypl

З легкавымі аўто таксама ўсё не хутка. Людзі, якія а 4 раніцы заехалі ў зону чакання, у Польшчу трапілі толькі а 15:30, то-бок больш чым праз 11 гадзін.

Тое самае і на зваротным шляху. Людзі скардзяцца, што па 40 хвілін стаяць на месцы. А тыя, хто на мяжы з 8:30, прайшлі польскі бок мяжы толькі а 17 гадзіне.

Фота: скрыншот з тэлеграм-чата @granica_bypl

Некаторыя нават пішуць, што людзі, якія, паглядзеўшы на марудную працу ў «Баброўніках», выехалі з чаргі і паехалі ў «Кузніцу», прайшлі мяжу нашмат хутчэй за тых, хто застаўся ў «Баброўніках».

Што тычыцца грузавога транспарту, то і там сітуацыя анамальная. За 18 гадзін працы з Беларусі ў Польшчу праехалі ўсяго 18 грузавікоў.

Па стане на 20 гадзін 17 лістапада, у чарзе на выезд з Беларусі ў Польшчу стаіць 25 фур.

А з Польшчы ў Беларусь — каля 200 грузавікоў.

Людзі, якія захраслі ў «Бераставіцы», раяць іншым ехаць праз «Брузгі», бо за гадзіну польскі бок запусціў на мяжу тры легкавыя аўто і адну фуру.

Фота: скрыншот з тэлеграм-чата @belgranica

Чаму ў «Бераставіцы» рух такі павольны — невядома. Адны мяркуюць, што гэта праз сканаванне пашпартоў, іншыя — што праз тое, што працуюць стажоры.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула