БЕЛ Ł РУС

У Гомелі бяздомны збіраў міласціну, а пры адмове нападаў з нажом і рыдлёўкай

17.11.2025 / 18:03

Nashaniva.com

У жніўні ў гомельскім мікрараёне Касцюкоўка адбылася серыя інцыдэнтаў: бяздомны мужчына нападаў на выпадковых мінакоў. Пра гэта паведамілі ў гарадской пракуратуры, піша выданне «Белка».

Фота ілюстрацыйнае

42‑гадовы гомелец нядаўна выйшаў з калоніі пасля сваёй восьмай судзімасці. Не маючы ні жылля, ні грошай, ён займаўся жабрацтвам, каб магчы купляць сабе танныя спіртныя напоі.

Першым пацярпеў мужчына перадпенсійнага ўзросту, які прыехаў у госці да сяброў. Пасля застолля ён выйшаў у сквер і сустрэўся там з бяздомным. Даў яму рубель дробяззю, але той убачыў у кішэні банкноту ў 20 рублёў, пачаў патрабаваць даць больш і дастаў нож. Пацярпелы прыкрыў твар рукамі і атрымаў драпіну на ілбе. У міліцыю ён тады не звярнуўся.

Праз тыдзень бяздомны зноў з’явіўся ў раёне. У краме ён пачаў прыставаць да двух маладых людзей, якія былі пад градусам. Хлопцы далі яму 4 рублі 20 капеек — крыху менш, чым каштавала бутэлька віна. Жабрак палічыў гэта здзекам і раптоўна ўдарыў аднаго з іх рыдлёўкай па галаве. Пачалася бойка, і ў гэты момант у аднаго з хлопцаў выпаў новы смартфон па 1200 рублёў. Бяздомны цішком падабраў яго і схаваў.

Цяпер мужчына затрыманы і знаходзіцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі ў Светлагорску. Па інфармацыі пракуратуры, яму выставілі абвінавачанні ў наўмысным прычыненні менш цяжкага цялеснага пашкоджання і паўторным крадзяжы. 

Чытайце таксама:

Беларуса дэпартуюць з Тайваня за незаконны збор міласціны

У Мінску сувора пакаралі мужчыну, які прымушаў іншых людзей жабраваць на вуліцах. Ён «зарабіў» амаль 10 тысяч рублёў

У Гродне затрымалі маладую пару на інвалідных вазках. Высветлілася, што яны здаровыя

Каментары да артыкула