Сярэдні гадавы заробак у ЕС вырас на 5,2%, лідзіруе Люксембург. Літва і Эстонія ў сярэдзіне спісу
Еўрастат апублікаваў статыстыку за 2024 год па сярэднім гадавым заробку ў краінах Еўрасаюза. Рост быў адзначаны паўсюль — ад Люксембурга, дзе атрымліваюць больш за ўсё, да Балгарыі, якая пакуль замыкае рэйтынг адстаючых, паведамляе «Еўраньюс».
Згодна з апошняй спраздачай Еўрастата, сярэдні гадавы заробак ў краінах Еўрапейскага саюза ў 2024 годзе вырас на 5,2%. Сярэдні паказчык па ЕС-27 склаў 39 808 еўра ў год, павялічыўшыся амаль на 2 000 еўра (у 2023 годзе ён складаў 37 840 еўра).
Лідарам па памеры заробкаў зноў стаў Люксембург са сярэднім паказчыкам 82 969 еўра ў год, за ім ідуць Данія з 71 565 еўра і Ірландыя з 61 051 еўра. У Бельгіі — 59 632, у Аўстрыі — 58 600, Германіі — 53 791.
Літва мае 29 184 еўра, яна на 14‑м месцы, абганяючы Кіпр. На 16‑м месцы — Эстонія з 26 546 еўра, затым ідуць Партугалія, Чэхія, Харватыя. Латвія займае 20‑ы радок з 20 262 еўра, Польшча — 21‑я з 21 246.
У самым нізе рэйтынгу размясціліся Балгарыя з 15 387 еўра ў год, Грэцыя з 17 954 і Венгрыя з 18 461 еўра.
Заробак у Беларусі за ўвесь 2024 год склаў 27 249 рублёў, што пры сярэднім курсе за 2024 год складае 7760 еўра.