Нуль парушэнняў: мігранты не спрабавалі нелегальна перайсці межы Літвы, Латвіі і Польшчы
Памежныя службы Польшчы, Літвы і Латвіі не зарэгістравалі ўчора ніводнай спробы нелегальнага перасячэння мяжы з боку Беларусі.
Фота: памежная служба Польшчы
Памежная ахова Польшчы паведаміла пра нулявую статыстыку парушэнняў другі дзень запар. Падобная сітуацыя фіксавалася ў пятніцу, 14 лістапада, а да гэтага — больш як паўгода таму.
Літоўская памежная служба апошні час звычайна не сутыкаецца з парушальнікамі, іх атакуюць кантрабанднымі метэазондамі.
Для латвійскага ўчастка мяжы такая сітуацыя цяпер наогул нетыповая. Звычайна латвійскія памежнікі паведамляюць пра дзесяць і больш спробаў парушэнняў за дзень.
Такім чынам, на ўсіх трох участках знешняй мяжы ЕС і Беларусі ў аўторак назіралася незвычайная цішыня.
Ноччу 17 лістапада Польшча, якая спадзяецца на вызваленне з беларускай турмы польскага актывіста Анджэя Пачобута, адкрыла два пераходы на беларускай мяжы.
Літва ж разглядае магчымасць адкрыцця двух закрытых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю яшчэ да канца лістапада.