Пацярпелую ў жудасным ДТЗ у Тайландзе беларуску перавялі з рэанімацыі, яе думаюць адправіць у Беларусь
Беларуска Настасся Ясюкевіч, якая атрымала цяжкія траўмы ў ДТЗ у турыстычным мікрааўтобусе ў Тайландзе, ідзе на папраўку і рыхтуецца да чарговай аперацыі. Тайскія дактары думаюць адправіць яе на радзіму.
28‑гадовая беларуска трапіла ў жудасную аварыю ў Тайландзе. ДТЗ здарылася 6 лістапада ў правінцыі Канчанабуры на маршруце да ракі Квай, экскурсійны аўтобус з турыстамі перакуліўся і зваліўся з узвышша.
Настасся перанесла ўжо некалькі аперацый, акрамя таго, спатрэбілася экстраннае пераліванне крыві, аднак аказалася, што ў Анастасіі рэдкая трэцяя адмоўная група. Сітуацыю выратаваў пост у сацсетках, на які адгукнуліся валанцёры. Пасля інфармацыі аб стане пацярпелай не паступала. Пра самаадчуванне беларускі расказалі валанцёры ў сацсетках, піша «Спутнік».
Паводле іх словаў, Анастасія па-ранейшаму ў шпіталі ў Канчанабуры, але яе ўжо перавялі з рэанімацыі ў «нармальную палату, дзе яна ляжыць як прынцэса».
Анастасіі прыкметна палепшала, падзяліліся ў групе: «Паружовелі шчочкі. Дадаліся сілы».
Але пошукі трэцяй адмоўнай працягваюцца, бо наперадзе ў дзяўчыны чарговая аперацыя.
«Дактары прасілі 4‑5 пакетаў, мы закрылі дзесяць!» — падзяліліся валанцёры ў сацсетках.
У прыватнасці, яны падзякавалі двум дзяўчатам, якія дапамаглі знайсці яшчэ сем донараў.
У Бангкоку таксама знайшоўся добраахвотнік, які пагадзіўся дапамагчы валанцёрам і «змяніць іх на баявым пасту». Ім стаў беларус Раман, медык па адукацыі.
Дактары ж праз паляпшэнне стану Анастасіі вырашылі перавесці яе з рэанімацыйнай палаты ў агульную.
«Гэта быў шок! У палаце, дзе няма кандыцыянераў, шэсцьдзесят чалавек, стогны, крыкі і жудасны пах. Але самае страшнае — мужыкі ляжаць злева і справа. Гэта агульная разнаполая палата. Усе нашы намаганні ледзь не пайшлі сабаку пад хвост», — адзначаюць валанцёры.
Паралельна тайскія медыкі абмяркоўвалі пытанне будучай аперацыі. Меркаванні разыходзіліся: страхавая кампанія паведамляла аб магчымай транспарціроўцы пацыенткі ў Беларусь, а доктар у шпіталі — аб гатоўнасці правесці ўмяшанне на месцы ўжо на гэтым тыдні.
Пазней стала вядома, што дактары не спяшаюцца з выпіскай Насты і плануюць аперацыю на наступным тыдні.
Па выніку перавод беларускі ў агульную палату не адбыўся. У групе паведамілі, што яе размясцілі ў больш камфортных умовах.
«Напярэдадні вечарам нашу дзяўчынку перавялі ў нармальную палату. Цяпер ляжыць як прынцэса», — паведамляецца ў пасце.
Заўтра ў Тайланд прылятае родная сястра Анастасіі з Мінска. Разам з ёй у шпіталь прыедзе яшчэ адзін донар з Бангкока. Таксама валанцёры распавялі, што яшчэ трое чалавек з рэдкай трэцяй адмоўнай групай чакаюць, ці спатрэбіцца іх дапамога для аперацыі.
У групе адзначылі, што фінансаў хапае на лячэнне: страхавы поліс пакрывае каля мільёна батаў (больш за 105 тысяч беларускіх рублёў), а бягучыя выдаткі складаюць толькі малую частку гэтай сумы.
Нягледзячы на адсутнасць афіцыйнага збору, у сацсетцы паведамілі, што чытачы і неабыякавыя людзі самі пачалі пералічваць сродкі ў падтрымку Насты.