Лідарка «Сумленных людзей» Алена Жываглод атрымала прапанову рукі і сэрца на беразе Атлантычнага акіяну. Але пабрацца шлюбам пакуль не можа
Алена Жываглод расказала «Нашай Ніве» падрабязнасці рамантычнай падзеі, а таксама растлумачыла, чаму з вяселлем усё ж прыйдзецца пачакаць.
Фота з фэйсбука Алены Жываглод
Абраннікам Алены стаў Алег Давыдчык, рэжысёр і кіраўнік прадакшн-аддзела «Сумленных людзей».
Пазнаёміліся маладыя людзі ў 2017 годзе, калі разам працавалі ў адным рэкламным агенцтве. Але рамантычныя адносіны ў іх пачаліся ўжо ў эміграцыі — у 2021 годзе.
Не ўсё было як у кіно. У гэтай гісторыі ёсць нават разрыў, які доўжыўся амаль год. Алена тлумачыць рашэнне так:
— Для мяне асабіста сыграла ролю тое, што рамантычныя адносіны пачаліся менавіта ў эміграцыі — гэта стала каталізатарам для сумневаў. Бо сама эміграцыя — гэта вельмі вялікі стрэс. Цябе адольваюць думкі, ці сапраўды ўсё робіш правільна.
Таму паспрабавалі пажыць паасобку.
— Каханне — гэта цудоўна, але хацелася, каб рашэнне было ўзважаным. Я адносна хутка зразумела, што зрабіла няправільны крок, і дала зразумець партнёру гэта.
У 2023 годзе Алена і Алег пачалі будаваць адносіны зноў.
— І мы сышліся, ужо добра разумеючы, што нашы адносіны існуюць не таму што ў эміграцыі стрэс, а таму што мы сапраўды кахаем адно аднаго.
Прапанова рукі і сэрца стала для Алены абсалютнай нечаканасцю. Яна пасміхаецца, калі кажа, што заўсёды лічыла, што мае добрую інтуіцыю і адчувае людзей. Ніякіх прадчуванняў, што каханы ў хуткім часе падорыць заручальны пярсцёнак, у яе не было.
Адбылося ўсё падчас сумеснага адпачынку на партугальскім архіпелагу Мадэйра.
— Алег нават дом тут абраў такі, што я два дні скакала ад шчасця — вокны спальні выходзяць на акіян. Да акіяну ад дому літаральна 10 метраў. Карацей, рамантыку ён прадумаў дасканала.
Аднойчы пара паднялася высока ў горы.
— Мы пілі гарбату і любаваліся захадам, размаўлялі па душах… Раптам Алег кажа, што яму трэба штосьці дастаць з заплечніка. І пачынае: «Я хачу нешта сказаць, але не ведаю, ці варта…».
Алена смяецца, калі згадвае: у той момант яна падумала, што каханы скажа нешта дрэннае — напрыклад, у здрадзе прызнаецца. Але той пачаў казаць пра каханне.
— І толькі праз 10 секунд я зразумела нарэшце, што мне робяць прапанову рукі і сэрца. Канечне, я адказала: «Так!». Алег надзеў мне пярсцёнак, а далей былі прыгоды, як мы амаль у цемры спускаліся з гор. Я адчувала эйфарыю. Асабліва было прыемным тое, што Алег палічыў важным такі прыгожы рытуал з прапановай.
Калі атрымаецца адсвяткаваць вяселле, пакуль незразумела. Бо афіцыйна Алена ўсё яшчэ замужам за іншым мужчынам — ён жыве ў Расіі. А аформіць развод дыстанцыйна (з улікам таго, што Алена знаходзіцца пад міжнароднай аховай у Польшчы) даволі складана.
— Дарэчы, было таксама вельмі прыемна тое, што для Алега гэта не стала стрымліваючым фактарам. Амаль праз гадзіну пасля прапановы ён спытаў, ці можа ўжо называць мяне жонкай, і я адказала: «Так».
Алена кажа, што вяселле яны абавязкова зробяць — бо святаў у жыцці не так шмат.
Чытайце таксама:
«Ганна адказала: «Так!» Віталь Гуркоў зрабіў прапанову рукі і сэрца. Хто ж нявеста?
Блогер Сяргей Бяспалаў расказаў, чаму ажаніўся летась, а адсвяткаваў гэта толькі цяпер