БЕЛ Ł РУС

Гіганцкі катлаван замест магіл. Вось як выглядае будоўля Акадэміі КДБ на Залатой Горцы

20.11.2025 / 12:54

Nashaniva.com

Сэрвіс Google Earth Pro абнавіў спадарожнікавыя здымкі беларускай сталіцы. На свежых кадрах можна ў дэталях разгледзець маштабы будаўніцтва на Залатагорскіх могілках.

Катлаван на месцы Залатагорскіх могілак, дзе будуецца гэбэшная Акадэміі нацыянальнай бяспекі. Фота: спадарожнікавыя здымкі Google Earth Pro

На абноўленай карце Мінска (здымкі ад 26 верасня 2025 года) выразна праглядаюцца светлыя плямы найбольш маштабных гарадскіх будоўляў — новы корпус Нацыянальнага гістарычнага музея, раён «Паўночны Бераг», элітны квартал «Дэпо», а таксама раскапаныя вуліцы, дзе пракладваюць трэцюю лінію метро.

Адна з самых прыкметных плям на спадарожнікавых фота — квартал за касцёлам Святой Тройцы (Святога Роха) на Залатой Горцы. Тут вядзецца будаўніцтва новага корпуса Акадэміі нацыянальнай бяспекі — установы, якая рыхтуе кадры для КДБ.

Новыя здымкі пацвярджаюць, што ранейшыя ацэнкі маштабаў гэтай амаль сакрэтнай будоўлі былі дакладнымі: гіганцкі катлаван «праглынуў» практычна ўсю вольную тэрыторыю квартала. Гэта азначае, што пад каўшамі экскаватараў апынулася большая частка гістарычных Залатагорскіх могілак, якія існавалі тут яшчэ з канца XVIII стагоддзя.

Тэрыторыя Залатагорскіх могілак (у белым контуры) станам на 1940‑я гады, у тым ліку частка могілак, знішчаная пад трасу вуліцы Казлова і будаўніцтва Палаца мастацтва (цямнейшым колерам). Чырвоным контурам паказаная будаўнічая пляцоўка пад новы корпус Акадэміі нацыянальнай бяспекі, а чырвонай плямай — сам будынак, як ён абазначаны на пашпарце будоўлі. Калаж: «Наша Ніва»

Пашпарт аб'екта са схемай будоўлі. Фота з сацсетак

Хоць у савецкі час надмагільныя помнікі былі знесеныя, самі пахаванні нікуды не зніклі: грунт вакол касцёла Святога Роха захоўваў парэшткі тысяч мінчукоў. Цяпер, з улікам памераў катлавана, гэтыя пласты гісторыі фактычна знішчаныя.

Раней СМІ і каталіцкія актывісты паведамлялі, што будаўнікі знаходзяць чалавечыя косткі. Аднак лёс выяўленых парэшткаў застаецца невядомым: ці вывозяць іх і часова складуюць недзе, ці перадаюць на перапахаванне — адказаў няма. За высокім плотам і ведамасным рэжымам сакрэтнасці схаваныя таксама і звесткі пра надмагільныя камяні, якія маглі б вярнуць імёны забытых мінчукоў. Закон не абавязвае захоўваць іх, таму яны могуць апынуцца на звалцы як звычайнае будаўнічае смецце.

Нагадаем, што будаўніцтва вядзецца насуперак адразу двум законам. Па-першае, парушаецца Закон «Аб пахаванні і пахавальнай справе», згодна з якім тэрыторыю былых могілак нават пасля пераносу парэшткаў (чаго тут зроблена не было) нельга забудоўваць будынкамі — дазваляюцца толькі зялёныя насаджэнні.

Па-другое, ігнаруецца Кодэкс аб культуры і зацверджаны Мінкультам праект зон аховы. Участак на Залатой Горцы ўваходзіць у ахоўную зону, дзе забаронена капітальнае будаўніцтва, а на тэрыторыі саміх могілак нельга пракладаць нават інжынерныя сеткі.

Дэмантажныя работы на тэрыторыі былых Залатагорскіх могілак на пачатку будаўніцтва Акадэміі КДБ. Фота: katolik.life

Але для сілавога ведамства прававыя нормы, відаць, не сталі перашкодай. У гэтым бачыцца вусцішны сімвалізм цяперашняга часу: нашчадкі структуры, якая вырасла на рэпрэсіях і крыві, цяпер узводзяць сваю навучальную ўстанову літаральна на касцях мінчукоў. Пакуль вернікі моляцца, «каб парэшткі нашых продкаў не былі знішчаныя», экскаватары працягваюць працу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула