БЕЛ Ł РУС

Памятаеце ўкраінку, якую расіяне прывязалі да слупа? Тыя, хто яе катаваў, за гады вайны амаль усе загінулі. А вось што робіць цяпер яна

20.11.2025 / 17:17

Вінцэсь Клепачэня

Фота ўкраінкі Ірыны Доўгань, прывязанай да слупа ў Данецку ў 2014 годзе, разышлося па ўсім свеце. Дзякуючы таму, што яна трапіла тады ў аб'ектыў камер, яна і засталася жывая. Вось што стала з удзельнікамі той гісторыі пазней.

Фота: Аляксандр Чакмянёў / Украінская праўда

Да 2014 года Ірына Доўгань жыла ў горадзе Ясінаватая Данецкай вобласці. Яе муж Раман меў будаўнічы бізнес, сама Ірына працавала касметолагам ва ўласным салоне. Пасля пачатку вайны на Данбасе стала дапамагаць украінскім вайскоўцам, якія былі дыслакаваныя непадалёк, прадуктамі, адзеннем і фінансамі.

У жніўні 2014‑га жанчыну затрымалі байцы батальёна «Усход». Акупанты прыдумалі легенду, што яна разам з дачкой «раскідвала маякі» для карэкціроўкі абстрэлаў школ і дамоў. На працягу пяці дзён яе трымалі ў палоне і катавалі.

Жанчына ўспамінае: сярод расійскіх штурмавікоў самымі жорсткімі былі асеціны і чачэнцы, якія падрабязна апісвалі, як яны будуць гвалціць яе да смерці.

Кульмінацыяй здзекаў стала публічная акцыя ў цэнтры Данецка, што адбылася 25 жніўня 2014 года. 53‑гадовую жанчыну паставілі да слупа, павесіўшы на шыю таблічку з надпісам «Яна забівае нашых дзяцей — агент карнікаў». Да збіцця далучылі мясцовых жыхароў.

Ірына Доўгань 25 жніўня 2014 года. Фота: Маўрысіа Ліма

Выратавала выпадковасць: бразільскі фатограф Маўрысіа Ліма зрабіў здымак, які апублікавала газета The New York Times. Міжнародны рэзананс прымусіў камандзіра батальёна «Усход» Аляксандра Хадакоўскага вызваліць Ірыну. Жанчыну прымусілі падпісаць паперу, што яна не мае маёмасных прэтэнзій, а затым вывезлі з Данецка.

Пра сваё далейшае жыццё жанчына расказала ў інтэрв'ю выданню «Украінская праўда».

Ад адаптацыі да праваабарончай дзейнасці

Паводле словаў Ірыны, пасля вызвалення яна разам з сям'ёй і хатнімі жывёламі пераехала ў Кіеў. Спачатку ім давялося спаць у машыне.

Жанчына адзначае, што шмат гадоў яна не мела ніякай дапамогі ад дзяржавы. Яе сям'і даводзілася выжываць з мінімумам грошай.

У 2014 годзе яна прыехала ў Кіеў у сіняках, з разрывам барабаннай перапонкі і глухатой на адно вуха, але ніводзін спецыяліст не прапанаваў нічога элементарнага: прайсці абследаванне, задакументаваць пабоі. У той жа час яе атакавалі журналісты, прасілі даць інтэрв'ю.

«Але яны перабеглі мяне, як статак буйвалаў, сказалі некалькі добрых слоў і пабеглі далей рабіць сваю працу», — кажа Ірына.

Але ў гэтай публічнасці быў і адваротны бок: адно з інтэрв'ю Ірыны ўбачыў аднакласнік яе мужа і запрасіў сям'ю жыць да сябе ў Кіеўскай вобласці.

Праз нейкі час Ірына з мужам знялі невялікую двухпакаёвую кватэру каля станцыі метро «Мінская», забраўшы да сябе яшчэ адну жанчыну з Ясінаватай, якая жыла на вакзале.

Каб зарабіць грошы, Ірына паціху пачала вяртацца да касметалогіі, спрабуючы прымаць кліентаў дома. У той час ёй дапамагалі старыя данецкія кліенты, якія пераехалі на падкантрольную тэрыторыю, але псіхалагічна праца была яшчэ больш знясільваючай.

«Кожная жанчына прыходзіць і расказвае пра свой боль і цяжкасці, а ўнутры цябе проста рана», — успамінае яна.

У 2015 годзе Ірына з мужам ўлезлі ў даўгі і купілі дамок на Кіеўшчыне.

Пераломным момантам стаў 2018 год. Ірыну запрасілі даць паказанні аб ваенных злачынствах у Міжнародным крымінальным судзе ў Гаазе. Быў сабраны вялікі кейс пра ваенныя злачынствы Расіі на Данбасе. Доўгань — адна са 174 пацярпелых.

Пасля гэтых сведчанняў да Ірыны звярнулася прадстаўніца міжнароднага фонду Дэніса Муквеге, кангалезскага доктара, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру за дапамогу жанчынам, якія пацярпелі ад сэксуальнага гвалту, звязанага з канфліктам у Конга.

Ірыне прапанавалі аб'яднаць такіх жанчын ва Украіне і далучыцца да SEMA — глабальнай сеткі ахвяр сэксуальнага гвалту на вайне, як асобная арганізацыя. Слова sema на мове суахілі азначае «гаварыць».

Пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе дзейнасць арганізацыі «SEMA Украіна» значна пашырылася. Цяпер у ёй каля 80 членаў.

Ірына расказвае, што адразу пасля вызвалення паўночнай Кіеўшчыны паехала па вёсках, якія былі ў акупацыі, збіраць сведчанні пра сексуальны гвалт. Пазней дзясяткі жанчын звярнуліся ў арганізацыю па псіхалагічную, медыцынскую і матэрыяльную дапамогу.

Фота: Аляксандр Чакмянёў / Украінская праўда

Справядлівасць замест помсты

Як заўважае Ірына, за гады, што прайшлі з моманту катаванняў, большасць яе катаў загінула: частка — у Сірыі, іншыя — падчас вайны ва Украіне пасля 2022 года. Аляксандра Хадакоўскага, які аддаў загад яе адпусціць, свае ж абвінавацілі ў «здрадзе», і яго кар'ера была разбураная.

Яна згадвае, як у 2023‑м ёй масава пачалі званіць і пісаць: «Саід мёртвы!» — пра гібель аднаго з яе мучыцеляў.

Аднак сама Ірына падкрэслівае, што смерць катаў не прынесла ёй пачуцця справядлівасці: «Я лічу, што злачынства можна спыніць толькі тады, калі ўвесь свет убачыць усю жорсткасць пакарання, у адпаведнасці з тым, наколькі вялікім было здзейсненае злачынства».

Сёння Ірыне Доўгань 63 гады. Яна працягвае ўзначальваць сваю арганізацыю. Яе галоўная задача — збіраць сведчанні, дапамагаць пацярпелым і дамагацца прыцягнення да адказнасці камандзіраў і выканаўцаў ваенных злачынстваў на міжнародным узроўні.

«Я бачу рэальную карысць ад таго, што раблю. У 63 гады вельмі цяжка быць карыснай на фронце, а данесці свету ўсю глыбіню расійскай подласці — гэта таксама важная праца.

Еўрапейскі свет увесь такі талерантны: супраць вайны, супраць жорсткасці. Еўрапейцы хаваюцца за гэтай талерантнасцю, нібы пад цёплай мяккай коўдрай. Ім лёгка адмежавацца ад вайскоўцаў, якія абралі шлях супраціву са зброяй: маўляў, самі зрабілі свой выбар, ведалі, што могуць загінуць.

А вось калі гаворыш пра безабаронную цывільную жанчыну, якую гэтыя расійскія нелюдзі білі прыкладам, ламалі рэбры, гвалтавалі ўсю ноч, яшчэ і заразілі гепатытам С — тут ужо цяжка схавацца пад коўдру. Мая задача цяпер — знаходзіць у свеце людзей, якіх гэта сапраўды закране, якія не змогуць адвярнуцца ці заткнуць вушы», — кажа праваабаронца Ірына Доўгань.

Апошні год праваабаронца змагалася з яшчэ адным ворагам — ракам. На шчасце, хвароба цяпер адступіла.

«Усё жыццё я сумнявалася, ці раблю правільна, але цяпер сумневаў зусім няма. Я хачу паспець зрабіць максімум за адведзены мне час. І яшчэ больш атрымліваць асалоду ад жыцця», — дадае Ірына.

Чытайце таксама:

Вызвалілі ўкраінку Ірыну Доўгань, якую баевікі ДНР у Данецку прывязалі да слупа

Ірына Доўгань, якую паставілі да слупа ў Данецку: Вы не ўяўляеце, як гэта страшна

Каментары да артыкула