Шон Пэн за 1 даляр зняўся ва ўкраінскім фільме аб вайне. Што гэта за фільм?
Фільм «Вайна вачыма жывёл», у якім здымалася зорка Галівуда, — гэта альманах, які складаецца з сямі кінанавел, асобных гісторый. Гэта апавяданні пра труса, карову, ката і іншых жывёл, піша Бі-бі-сі.
«Мы стваралі гэты фільм, каб праз спачуванне да жывёл расказаць нашу гісторыю і прыцягнуць людзей на наш бок. Так крануць гледача, каб ён не пераключыўся з украінскай тэмы, а спыніўся, даглядзеў і зразумеў нешта пра нас», — кажа прадзюсар карціны Алег Кохан.
Ён падкрэсліў, што місія фільма — не скардзіцца, а праз мастацтва паказаць свету, хто такія ўкраінцы і за што яны змагаюцца.
Аўтары кажуць, што фільм грунтуецца на рэальных падзеях з даданнем мастацкага асэнсавання, мастацкай формы.
Саўндтрэкам стала песня гурта Imagine Dragons.
Рэжысёры альманаха — Міраслаў Слабашпіцкі, Юлія Шашкова, Максім Тузаў, Аляксей Мамедаў, Іван Сауткін, Святаслаў Касцюк і Андрэй Лідагоўскі.
Ва ўкраінскі пракат фільм выйшаў 6 лістапада. Сусветная прэм'ера прайшла на кінафестывалі Tribeca ў Нью-Ёрку.
Чаму менавіта Шон Пэн
Прадзюсар фільма Алег Кохан расказвае, што калі стваральнікі пачалі прасоўваць першыя тры навелы пра жывёл і вайну, то зразумелі: кінафестывалі яшчэ больш-менш будуць зацікаўлены ў гэтай карціне, а вось дыстрыб'ютары, кінатэатры і анлайн-платформы — значна менш.
«Фільмы пра вайну наогул цяжка паказваць, дакладней — цяжка матываваць гледача паглядзець», — кажа прадзюсар.
Таму, па яго словах, яны вырашылі прыцягнуць Шона Пена, каб узмацніць увагу да праекта.
«Шон Пэн арганічна існуе ў фільме як персанаж, ён грае амерыканскага прадзюсара, а не генерала», — расказаў Кохан.
Па яго словах, Шон Пэн папрасіў сцэнарый, паглядзеў адзняты матэрыял, пазнаёміўся з рэжысёрам сваёй навелы — Міраславам Слабашпіцкім — і заявіў, што яго ганарар за ўдзел складзе 1 долар.
«Праца за адзін даляр ва ўкраінскім фільме — гэта таксама падтрымка Украіны. Для мяне гэта рашэнне стала пацвярджэннем таго, што ён — вельмі магутны пасланец міру, а таксама таго, што наша кіно і яго тэма трапляюць дакладна ў міжнародную аўдыторыю», — кажа прадзюсар «Вайны вачыма жывёл».
Ён падкрэслівае, што «падчас здымак ніводная жывёла не пацярпела».
На пляцоўцы заўсёды прысутнічалі гаспадары жывёл і спецыялісты па каардынацыі здымак з удзелам жывёл, якія сачылі за іх камфортам.
Шон Пэн падтрымлівае Украіну і неаднаразова прыязджаў сюды. Ён падарыў сваю статуэтку «Оскар» прэзідэнту Уладзіміру Зяленскаму.
24 лютага 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі, Шон Пэн знаходзіўся ў Кіеве. Пазней ён прыязджаў у Бучу і Ірпень, каб сваімі вачыма ўбачыць наступствы злачынстваў расійскіх войскаў.
У 2022 годзе Шон Пэн арганізаваў у Лос-Анджэлесе дабрачынны вечар, на якім сабраў больш за мільён долараў у дапамогу Украіне.
Ён зняў дакументальны фільм «Суперсіла» пра вайну ва Украіне, які ў 2023 годзе выйшаў у пракат у ЗША.
У фільме Шон Пэн трапляе ў офіс прэзідэнта Зяленскага ў першыя дні вайны, дзе запісвае размовы з Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком яго офіса Андрэем Ермаком.