БЕЛ Ł РУС

Літва не будзе кампенсаваць страты перавозчыкаў, якія захраслі ў Беларусі

20.11.2025 / 11:31

Nashaniva.com

«Гэта не мы іх трымалі, іх трымаў беларускі рэжым». 

Міністр транспарту Літвы Юрас Тамінскас заявіў, што ўрад не будзе кампенсаваць страты перавозчыкаў, якія захраслі на мяжы з Беларуссю, піша LRT. 

Юрас Тамінскас заявіў, што ўрад не мае намеру пакрываць страты перавозчыкаў, звязаныя з часовым закрыццём памежных пунктаў з Беларуссю, — «нават дыскусіі такой няма». 

На яго думку, папярэджанні ўладаў аб рызыках не перашкаджаюць гэтаму бізнэсу працягваць дзейнасць на ўсходнім кірунку.

«Відавочна, што яны ўсё роўна ехалі, ездзяць і будуць ездзіць — гэта не зменіць іх меркаванне і іх паводзіны. Калі яны публічна заяўляюць, што працягваюць працаваць ва ўсходнім напрамку, то чаму тады трэба патрабаваць ад дзяржавы пакрываць панесеныя страты?» — сказаў Тамінскас.

Міністр падкрэсліў, што пытанне аб кампенсацыі страт не разглядаецца. «Гэта не мы іх трымалі, іх трымаў беларускі рэжым», — заявіў Тамінскас.

Па словах Тамінскаса, пра гібрыдную атаку Мінска супраць Літвы паведамлялі яшчэ за тыдзень да закрыцця мяжы, таму бізнэс мусіў ацаніць рызыку таго, што «едзе да дзяржавы-агрэсара».

Сёння Літва адкрыла мяжу з Беларуссю, закрытую ў канцы кастрычніка ў адказ на гібрыдныя атакі ў боку Беларусі. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула