БЕЛ Ł РУС

Дэлегацыя вайскоўцаў ЗША прыехала ў Кіеў абмяркоўваць план спынення вайны ва Украіне

20.11.2025 / 13:13

Nashaniva.com

Гэты план падтрымлівае Трамп, пішуць амерыканскія СМІ. 

Дэн Дрыскал і Дзяніс Шмыгаль у Кіеве. Фота: прэс-служба Міністэрства абароны Украіны

У чацвер прэзідэнт Украіны вяртаецца ў Кіеў з рабочай паездкі ў Турцыю, дзе ён абмяркоўваў «актывізацыю перамоў». Ва ўкраінскай сталіцы яго чакае дэлегацыя амерыканскіх вайскоўцаў на чале з міністрам сухапутных войскаў Дэнам Дрыскалам, піша BBC.

Дэлегацыя планавала абмеркаваць «намаганні па спыненні вайны» і магчымую дамову па сумеснай вытворчасці дронаў, але сустрэча з Зяленскім пакуль не пацверджана.

Усё гэта адбываецца на фоне гучнага карупцыйнага скандалу, які прывёў да палітычнага крызісу ва Украіне, і адначасова — шматлікіх паведамленняў СМІ пра мірны план, распрацаваны ў Вашынгтоне спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Стывам Уіткафам пры ўдзеле спецпасланніка расійскага прэзідэнта Кірыла Дзмітрыева.

План, як даведаліся журналісты, шмат у чым заснаваны на максімалісцкіх патрабаваннях Масквы і прадугледжвае адразу некалькі прынцыповых саступак з боку Кіева.

«Міністр Дрыскал разам з камандай прыехалі ў Кіеў <…>, каб сустрэцца з украінскімі чыноўнікамі і абмеркаваць намаганні па спыненні вайны», — сказаў прэс-сакратар арміі ЗША палкоўнік Дэвід Батлер.

Дрыскал — самы высокапастаўлены вайсковец з адміністрацыі Трампа, які наведаў Кіеў для перамоў, — ужо сустрэўся з міністрам абароны Дзянісам Шмыгалём і галоўнакамандуючым УСУ Аляксандрам Сырскім.

Прыезду Дрыскала, піша Wall Street Journal, папярэднічала сустрэча на мінулым тыдні ў Маямі паміж Уіткафам і ўкраінскімі чыноўнікамі, блізкімі да Зяленскага. Axios паведамляў, што Уіткаф сустракаўся з сакратаром Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэмам Умеравым.

Па словах крыніцы Axios, Умераў не згаджаўся з выкладзенымі пазіцыямі і заявіў, што ва Украіны ёсць пярэчанні па многіх пунктах.

Па даных Politico, Дрыскал планаваў паездку ва Украіну ў снежні, але на мінулым тыдні ў Белым доме на спешна скліканай нарадзе Трамп сказаў, што міністр сухапутных войскаў павінен паказаць Зяленскаму і яго камандзе план, распрацаваны ЗША.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула