БЕЛ Ł РУС

«Як цяпер з гэтым жыць?» Беларусы знайшлі на доларавай купюры выяву Жлобінскага райвыканкама

20.11.2025 / 14:36

Nashaniva.com

Бурная дыскусія з-за выявы на рэверсе 20‑доларавай купюры разгарнулася ў сацсетцы Threads. Уважлівыя беларусы разгледзелі ў ёй ні многа ні мала — выяву Жлобінскага райвыканкама.

Адзін з карыстальнікаў сацсеткі падзяліўся здымкам, параўнаўшы выяву на адваротным баку купюры ў 20 амерыканскіх даляраў і фатаграфію будынка Жлобінскага раённага выканаўчага камітэта. Аўтар допісу звярнуў увагу на дзіўнае падабенства фасада Белага дома (а менавіта ён размешчаны на амерыканскай купюры) з будынкам раённай адміністрацыі аднаго з беларускіх райцэнтраў, піша «Тэлеграф».

Многія каментатары прызналіся, што дагэтуль такога ўражальнага падабенства не заўважалі, але, убачыўшы аднойчы, «разбачыць» гэта ўжо дакладна не атрымаецца — той жа выразны порцік з калонамі і франтонам, тая ж строгая сіметрыя фасада і размяшчэнне вокнаў у двухпавярховым будынку. Адрозненні хіба што ў дробных дэталях барэльефаў і даху.

«Як цяпер з гэтым жыць?» — задаўся рытарычным пытаннем адзін з каментатараў.

Многія ўдзельнікі дыскусіі падышлі да пытання з гумарам.

«Цікава, Трамп у БТІ ўзгадніў рамонт?» — «Магчыма. Цяпер трэба на амністыю па самабудзе неяк паспець», — падтрымаў жарт іншы, пераклаўшы амерыканскія падзеі на беларускія рэаліі.

«Вы не думалі, што ў гэтым замяшана Жлобінская масонская ложа?» — паспрабавала ўвесці дыскусію ў бок тэорыі змовы адна з карыстальніц сацсеткі.

«Праз год Мінск стане сталіцай ЗША, правярайце!» — зрабіў свой прагноз у тым жа стылі іншы.

Зрэшты, некаторыя каментатары вырашылі заставацца ў рацыянальнай плоскасці, адзначыўшы, што абодва будынкі — і афіцыйная рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША, і будынак выканкама ў беларускай глыбінцы — проста пабудаваны ў адным архітэктурным стылі.

«Такіх райвыканкамаў па ўсім свеце не злічыць. Звычайны неакласіцызм», — суха заўважыў адзін з удзельнікаў дыскусіі.

Сапраўды, абодва будынкі адносяцца да неакласічнага стылю. Белы дом быў распрацаваны ірландскім архітэктарам Джэймсам Хобанам у так званым паладыянскім стылі, а будынак Жлобінскага райвыканкама вытрыманы ў духу савецкага неакласіцызму, або сталінскага ампіру, што і тлумачыць іх падабенства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула