БЕЛ Ł РУС

З-за метэазондаў з Беларусі самалёт міністра замежных спраў Літвы і еўракамісара не адразу змог прызямліцца ў Вільні

21.11.2025 / 9:7

Nashaniva.com

Закрыццё на пэўны час з-за метэазондаў з Беларусі аэрапорта ў Вільні вечарам у чацвер прывяло да праблем з вяртаннем з Бруселя самалёта, на борце якога знаходзіліся міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс і еўракамісар Андрюс Кубілюс.

Карта з допісу Кястуціса Будрыса

«Еўракамісар Кубілюс і я гэтым вечарам вярталіся з Бруселя, павінны былі вярнуцца ў Вільню, але ў нас былі праблемы з-за метэазондаў кантрабандыстаў, якія ўяўлялі пагрозу для грамадзянскай авіяцыі. Беларусь працягвае свае гібрыдныя атакі супраць Літвы і ЕС, што яшчэ больш абвастрае сітуацыю.

ЕС павінен даць выразны сігнал рэжыму Лукашэнкі: гібрыдныя атакі супраць дзяржаў — членаў ЕС недапушчальныя і пацягнуць за сабой прамы і балючы адказ — больш строгія санкцыі. Чым хутчэй яны будуць уведзеныя, тым лепш», — напісаў Будрыс у сацсетцы Х.

Самалёт нейкі час кружыў над Коўнам і толькі тады, калі віленскі аэрапорт быў адкрыты, сеў у сталіцы Літвы.

Нагадаем, што літоўская мяжа была закрытая з 27 кастрычніка па 19 лістапада з-за метэазондаў з Беларусі, што неаднаразова прыводзіла да паралізавання працы аэрапорта ў Вільні. У ноч на 20 лістапада пераходы «Меднікі» і «Салечнікі» былі адкрытыя, і ў першы ж вечар пасля таго адбылося закрыццё аэрапорта.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула