БЕЛ Ł РУС

Малады беларус у ЗША напаў на сваю дзяўчыну і пагаліў ёй галаву — калі тая даведалася, што ён жанаты

21.11.2025 / 15:5

Nashaniva.com

35‑гадовы беларус Уладзімір Аляксееў, які жыве ў Пенсільваніі, быў арыштаваны ў Паўднёвай Фларыдзе. Ён накінуўся на дзяўчыну з нажом і душыў яе.

Уладзімір Аляксееў

Уладзімір Аляксееў — 35‑гадовы эмігрант, удзельнік акцый салідарнасці беларусаў у Амерыцы. Ён пераехаў у ЗША з жонкай і дзецьмі, асеў у Рычбара, маленькім гарадку ў Пенсільваніі, на паўдарозе з Нью-Ёрка ў Філадэльфію.

Пара заставалася ў шлюбе, аднак ва Уладзіміра тым часам паралельна пачаўся раман з іншай дзяўчынай. Калі ж яна даведалася, што беларус схаваў ад яе свой шлюб, то разарвала адносіны. Гэта давяло Аляксеева да шаленства.

24 ліпеня 2025 года ён прыехаў да дзяўчыны ў Паўднёвую Фларыду і напаў на яе каля жылога комплексу ў Норт-Маямі-Біч.

Дзяўчына расказала паліцыі, што беларус загадаў ёй выйсці на вуліцу, дзе чакаў яе ў чорным уседарожніку BMW. Уладзімір дастаў нож, пагражаў забіць і выкінуць цела ў акіян. Пакуль яна спрабавала вырвацца, ён парэзаў ёй перадплечча, націснуў каленам на горла і з дапамогай электрычнай машынкі састрыг частку валасоў. Затым ён нанёс ёй некалькі ўдараў кулакамі, перш чым дзяўчыне ўдалося вырвацца і звярнуцца па дапамогу.

Аляксееў уцёк, але ўрэшце быў арыштаваны. Яму выставілі абвінавачванні ў здзяйсненні некалькіх цяжкіх злачынстваў, уключаючы цяжкі напад з выкарыстаннем смяротнай зброі, цяжкае збіццё з прычыненнем цялесных пашкоджанняў, незаконнае пазбаўленне волі з ужываннем смяротнай зброі, хатні гвалт шляхам задушвання, а таксама дробнае хуліганства, звязанае з нападам і збіццём.

Некалькі месяцаў таму беларуса каралі за перавышэнне хуткасці. Тады яму далі 180 даляраў штрафу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула