Лідары ЕС і Зяленскі назвалі адпраўны пункт для перамоў аб міры
Украіна і яе еўрапейскія саюзнікі адхіляюць ключавыя палажэнні мірнага плана ЗША.
Кір Стармер, Аляксандр Стуб, Уладзімір Зяленскі, Дональд Трамп, Эмануэль Макрон, Джорджа Мелоні, Фрыдрых Мерц, Марк Рутэ. Фота: Win McNamee / Getty Images
Сённяшняя лінія фронту ва Украіне павінна быць «адпраўным пунктам» для любой мірнай дамовы, лічаць еўрапейскія і ўкраінскія лідары. Пра гэта паведамляецца на сайце нямецкага ўрада па выніках тэлефоннай размовы паміж канцлерам Германіі Фрыдрыхам Мерцам, прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам, прэм’ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам і ўкраінскім лідарам Уладзімірам Зяленскім.
Лідары Германіі, Францыі і Брытаніі пацвердзілі сваю «непахісную і поўную падтрымку Украіны на шляху да трывалага і справядлівага міру». Яны віталі намаганні ЗША па спыненні канфлікту і маюць намер «цесна каардынаваць» далейшыя крокі.
Яны таксама падкрэслілі, што любая мірная дамова, «якая датычыцца еўрапейскіх дзяржаў, Еўрапейскага саюза або НАТА, патрабуе адабрэння еўрапейскіх партнёраў або кансенсусу сярод саюзнікаў».