Румас і Каранік у 2020 годзе спрабавалі ўвесці каранцін, але іх абсёк Лукашэнка
На сустрэчы з навукоўцамі Аляксандр Лукашэнка сярод іншага звярнуўся да падзей 2020 года, калі ва ўсім свеце прымалі строгія каранцінныя меры падчас пандэміі каранавірусу, а Беларусь была адной з тых краін, улады якіх дзейнічалі дэманстратыўна інакш. Цяпер Лукашэнка прызнаўся, што адзінства ў гэтым пытанні ў яго з падначаленымі не было. Нагадаем, што ў выніку ад кавіду ў Беларусі загінула каля 90 тысяч чалавек.
Уладзімір Каранік і Сяргей Румас падчас паездкі ў Салігорск. Фота: БелТА
«А дзе вы былі, паважаныя сябры, калі пачалася так званая пандэмія? Калі ледзь уладу не зрынулі. Калі я гаварыў: хлопцы, трэба ісці ў гэтым кірунку. І яму гаварыў (паказвае на цяперашняга кіраўніка НАНБ Уладзіміра Караніка. — НН), ён працаваў тады ў мяне міністрам аховы здароўя. Мы з ім прайшлі гэты шлях непаразумення.
Калі ён прыйшоў да мяне, закрыў універсітэт нейкі. Закрыў праз адну нейкую хваробу. Я ў яго пытаюся: «А табе хто даў права закрываць установу?»
Глядзіць на мяне: «Ну, я думаў…» Што ты думаў? Прабач, што я размову нашу перадаю. Я яму тады сказаў: «Ідзі і лячы людзей. Ратуй людзей, а ўніверсітэты ёсць каму закрываць».
Следам прыбег тагачасны прэм'ер-міністр [Сяргей Румас]. Гэта не ты яго там пад'юджваў, сам прыбег. Усю краіну на аддаленку, закрыемся, бо Расія закрылася.
Я кажу: «Дарагі мой, Расія можа закрыцца на год і пасля адкрыцца, у яе нафта, газ, золата. У нас гэта ёсць? У нас гэтага няма». І пасля памятаеце — спыніце гэты каронапсіхоз. Вы ж мяне змачалілі ўдоўж і ўпоперак. І 20‑ы год — адна з прычын, што вы не паверылі».
Пасля пачатку пандэміі каранавіруса ў Беларусі засакрэцілі звесткі пра смяротнасць, але з даных, якія здабылі «Кіберпартызаны», стала вядома, што за час пандэміі з 2020 па 2022 год залішняя смяротнасць склала звыш 90 тысяч чалавек. Гэтыя страты не маглі адбыцца ні праз што іншае, як праз COVID-19. Смяротнасць пачала ўздымацца ў сакавіку 2020 года, калі ўлады Беларусі яшчэ цалкам адмаўлялі наяўнасць пагрозы. Смяротнасць у Беларусі значна перавысіла паказчыкі ўсіх іншых краін Еўропы, гаворка ідзе пра дзясяткі тысяч загубленых жыццяў.
Чытайце таксама:
Кавід забраў у Беларусі 90 тысяч жыццяў, а не 7 тысяч, як сцвярджалі ўлады
У Мінску смяротнасць ад каранавіруса заніжалі больш чым у 4 разы
Пандэмія скончылася, але наступствы засталіся. Што COVID-19 прынёс Беларусі?