У Гомелі падчас аперацыі на сэрцы памёр Іван Афанасьеў
На 63‑м годзе жыцця памёр Іван Афанасьеў — загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Гэта адбылося падчас аперацыі на сэрцы, піша «Белка».
Ва ўніверсітэце Іван Мікалаевіч працаваў больш за сорак гадоў. Ён сам быў выпускніком гэтай ВНУ, пачаў працаваць выкладчыкам, а з 2004 года займаў пасаду загадчыка кафедры.
«Для калег і студэнтаў Іван Мікалаевіч застанецца ў памяці як таленавіты літаратуразнаўца, захоплены даследчык, творчая асоба, мудры чалавек, гатовы падтрымаць у цяжкую хвіліну, і бясконца адданы сваёй справе спецыяліст», — гаворыцца ў паведамленні роднага для Івана Афанасьева факультэта.
«Да студэнтаў ён заўсёды звяртаўся на «вы» і толькі па імені і імені па бацьку. Яго называлі душой і сумленнем філфака — і гэта праўда. Думаю, многія яго запомнілі сапраўдным інтэлігентам і самым добрым выкладчыкам філфака. Аднойчы ён паставіў мне «добра» за абсалютна выдуманы пераказ твора. Сказаў — за кемлівасць», — падзялілася ўспамінамі яго былая студэнтка Вольга Махунова.
Развітанне з Іванам Афанасьевым адбудзецца 23 лістапада а 11‑й гадзіне ў храме Іверскай іконы Божай маці (Гомель, вул. Быхаўская 110).