БЕЛ Ł РУС

Хлопец атруціўся падчас рамантычнай вячэры ў рэстаране. І змог дабіцца кампенсацыі ў 1100 рублёў

23.11.2025 / 16:24

Nashaniva.com

Рэстаран вярнуў яму таксама грошы за вячэру і лекі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Пра справу «Мінск-Навінам» расказала Рэспубліканскае таварыства абароны правоў спажыўцоў, куды звяртаўся па дапамогу пацяперлы.

Пара схадзіла на рамантычны вечар у рэстаран. Назва ўстановы не называецца, вядома толькі, што была небеларуская кухня. На наступны дзень малады чалавек адчуў сябе дрэнна. Атручванне суправаджалася болем у жываце, млоснасцю, ванітамі і высокай тэмпературай. Хуткая даставіла хлопца ў бальніцу. На падставе аналізаў дактары паставілі дыягназ «сальманелёзны энтэрыт сярэдняй цяжкасці». Хлопец правёў у бальніцы некалькі дзён.

З дзяўчынай пасля вячэры ўсё было добра.

Малады чалавек звярнуўся ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па месцы размяшчэння ўстановы з пісьмовай заявай. У выніку праверкі ў рэстаране знайшлі санітарныя парушэнні.

Пасля хлопец апісаў у кнізе скаргаў і прапаноў рэстарана тое, што з ім здарылася, і прапанаваў вярнуць яму грошы за вячэру і лекі і кампенсаваць маральную шкоду. Але адказу не атрымаў. Таму пайшоў у суд.

На першае пасяджэнне ад рэстарана ніхто не прыйшоў. На другім прадстаўнікі ўстановы ўжо былі і прапанавалі пайсці на міравую.

Рэстаран пагадзіўся кампенсаваць кошт вячэры і лекаў, выплаціць няўстойку за парушэнне тэрмінаў задавальнення патрабаванняў пацярпелага і пагасіць судовыя выдаткі таварыства абароны спажыўцоў. Таксама пагадзіўся кампенсаваць маральную шкоду — 1100 рублёў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула