Шары з кантрабандай з Беларусі даляцелі да Латвіі
З учорашняга вечара да сённяшняй раніцы ўнутраным службам Латвіі ўдалося перахапіць сем шароў з кантрабандай.
Ілюстрацыйнае фота VSAT.lt
У нядзелю, 23 лістапада, у Латвіі таксама былі выяўлены метэаралагічныя шары з кантрабанднымі цыгарэтамі, што заляцелі з Беларусі, паведаміў у інтэрв’ю праграме TV3 «900 секунд» міністр унутраных спраў Рыхардс Казлоўскіс, піша Delfi.lv.
Кіраўнік МУС растлумачыў, што ў выпадку Латвіі, у адрозненне ад Літвы, гэта не стварае сур’ёзных пагроз крытычнай інфраструктуры, паколькі побач з мяжой няма аэрапорта, аднак падаючы груз з нелегальнымі цыгарэтамі з-за сваёй вагі можа нанесці лакальныя пашкоджанні.
З учорашняга вечара да сённяшняй раніцы ўнутраным службам Латвіі ўдалося перахапіць сем шароў з кантрабандай, што прыляцелі з Беларусі. У кожнай такой партыі ў сярэднім каля 60 000 нелегальных цыгарэт. «Праца працягваецца, і аб’ёмы ўдакладняюцца, але феномен такі ёсць», — сказаў Казлоўскіс.
Міністр заклікаў жыхароў Латвіі, заўважыўшы такія шары ў прыгранічнай зоне, не чакаць, пакуль яны прызямляцца, і не спрабаваць іх збіваць, а паведамляць адпаведным службам, каб злачынства ўдалося прадухіліць бяспечна і эфектыўна, не даўшы кантрабанднаму тавару трапіць на нелегальны рынак Латвіі.
Казлоўскіс дадаў, што латвійскія службы ўнутраных спраў цесна супрацоўнічаюць з калегамі з Літвы і Польшчы, і ўжо адбылося некалькі сустрэч па абмене досведам аб тым, як супрацьдзейнічаць гэтаму феномену з «метэазондамі».