Маляваныч стаў вядоўцам новага шоу
Акцёр Аляксандр Ждановіч, які больш за два дзясяткі гадоў быў Маляванычам у «Калыханцы», цяпер вядзе новую перадачу ў ютубе. Што за яна?
Аляксандр Ждановіч. Скрын відэа: MalankaAction / YouTube
Аляксандр Ждановіч стаў вядоўцам праекту «Без рэтушы», які выходзіць на ютуб-канале Malanka Action. Цяпер Маляваныч будзе ездзіць па розных краінах і знаёміць гледачоў з гісторыямі адаптацыі нашых суайчыннікаў за мяжою.
Першы выпуск прысвечаны Швецыі. За паўтара тыдня каманда наведала чатыры гарады, каб паказаць краіну з розных бакоў.
Ігар. Скрын відэа: MalankaAction / YouTube
Пачалося падарожжа з сустрэчы з Ігарам з Гродна — былым міліцыянтам, які жыве ў Швецыі ўжо амаль 20 гадоў. Мужчына пачынаў як просты рабочы на будоўлі, а цяпер кіруе ўласнай будаўнічай фірмай, якая аднаўляе масты. Ігар звазіў вядоўцу ў Ваксхольм — маляўнічае месца, якое, на яго думку, паказвае «сапраўдную Швецыю».
Людміла Хрысцесева. Скрын відэа: MalankaAction / YouTube
Мастачка Людміла Хрысцесева запрасіла Маляваныча ў кавярню, столікі якой літаральна стаяць пасярод могілак. Людміла цяпер ладзіць перформансы ў буйных музеях, ствараючы мастацтва з простых рэчаў накшталт старых гальштукаў.
Але не ўсе гісторыі ў выпуску — пра шматгадовы поспех. Каб прадэманстраваць цяжкасці, з якімі сутыкаюцца новыя эмігранты, Ждановіч адправіўся ў маленькі горад Гнеста да сям'і Кастуся і Ксеніі. Яны пераехалі тры гады таму і прайшлі праз складаны шлях: тройчы атрымлівалі адмову ў палітычным прытулку.
У гасцях у сям'і Кастуся і Ксеніі. Скрын відэа: MalankaAction / YouTube
У іх старэйшага сына рэдкае генетычнае захворванне. Але праз высокія падаткі ў Швецыі людзі маюць бясплатную якасную медыцыну для дзяцей і падтрымку ў школах, дзе нават ёсць магчымасць вывучаць беларускую мову як родную.
Завяршылася вандроўка вяртаннем у Стакгольм да сям'і дырэктаркі Цэнтра новых ідэй Лесі Руднік і яе мужа Мікалая. Яна павяла вядоўцу на блышыны рынак і расказала пра шведскія традыцыі асэнсаванага спажывання і адначасова пра супярэчнасць: пры ўсёй экалагічнай культуры шведы застаюцца адной з найбольш спажывецкіх нацый Еўропы. Жанчына таксама падзялілася сваім досведам вучобы і працы: як цяжка паступіць і чаму, нават пасля дзесяці гадоў у краіне, шведскіх сяброў звычайна няшмат.
Мікалай і Леся. Скрын відэа: MalankaAction / YouTube
Яе муж Мікалай днём працуе барберам, а ўвечары ператвараецца ў зорку скандынаўскага рэстлінгу, разбураючы стэрэатыпы пра тое, чым могуць займацца беларусы за мяжой.
Людміла Хрысцесева і Аляксандр Ждановіч на даху дома, дзе «жыў» Карлсан. Скрын відэа: MalankaAction / YouTube
У наступных выпусках аўтары абяцаюць паказаць поўнач Швецыі і пазнаёміць з іншымі цікавымі беларусамі.
Праект «Без рэтушы» выходзіў і раней, але ў іншым фармаце — фатографы Яўген Канаплёў і Юлія Лейдзік размаўлялі з вядомымі беларусамі і рабілі іх партрэты. Пасля двух сезонаў яны разышліся з каналам «Маланка».
«Мы выйшлі з гэтага саюза, таму што я (Юля) аказалася «нязручнай». Прадзюсар яшчэ з першага сезона намякаў, што лёгка знойдзе нам замену — «гэта не праблема».
Мы хочам працягнуць справу, якую рабілі з любоўю і стоадсоткавай аддачай — каб паказваць максімальна шчырыя і сапраўдныя кавалачкі з жыцця чалавека.
Мы не развітваемся. Хутка абвясцім збор сродкаў на пілотную версію новага праекту — падарожжа па ўнутраным свеце асобы», — напісалі фатографы.
Чытайце таксама:
«Адправілі, як бандэроль па пошце». Маляваныч вярнуўся ў Польшчу з Грузіі