У Мінску паставяць на рэканструкцыю кінатэатры «Аўрора» і «Кастрычнік»
У Мінску збіраюцца працягваць мадэрнізацыю гарадскіх кінатэатраў. Кіраўнік прадпрыемства «Кінавідэапракат» Уладзімір Карачэўскі паведаміў, што пасля абнаўлення інтэр’ераў «Ракеты» і «Салюту» і адкрыцця ў 2025 годзе новага чатырохзальнага кінатэатра «Масква» ў планах — капітальная рэканструкцыя «Аўрора» і «Кастрычнік», пішуць «Мінск-Навіны».
Зараз у складзе «Кінавідэапраката» працуюць 13 кінатэатраў з 31 залай, якія разам могуць прыняць каля 6,8 тысячы гледачоў. За 10 месяцаў гэтага года іх наведалі больш як 798 тысяч чалавек — на 6% больш, чым за такі ж перыяд летась.
Карачэўскі адзначыў, што цяпер адчуваецца недахоп фільмаў, якія маглі б прыцягнуць шырокага гледача. Нягледзячы на гэта, у афішы штотыдзень прапануюць ад 20 да 40 карцін розных жанраў: ад рэтраспектыў і тэматычных паказаў да фестывальнага кіно і артхаусу. Прадпрыемства таксама шукае цікавыя фільмы з краін, якія раней амаль не паказвалі ў Беларусі, напрыклад з Паўднёвай Амерыкі ці Усходняй Азіі.
Паводле яго, кінатэатры канкуруюць з анлайн-сэрвісамі, таму ім даводзіцца вывучаць замежны досвед — у Расіі, Кітаі, ААЭ, Індыі і іншых краінах — і шукаць новыя фарматы працы, каб прыцягнуць сучасную аўдыторыю. Старшыня Мінгарвыканкама таксама даручыў падумаць над тым, як зрабіць тэматычныя паказы больш цікавымі і павялічыць наведвальнасць.
Чытайце таксама:
Мінскі кінатэатр запускае «Сакрэтныя сеансы»