БЕЛ Ł РУС

Прэзідэнт Польшчы, разважаючы пра сучасную цэнзуру, згадаў беларусаў і іх «вялікага чалавека»

25.11.2025 / 15:52

Nashaniva.com

Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі падчас лекцыі ў Карлавым універсітэце ў Празе назваў беларусаў сярод спадчыннікаў Рэчы Паспалітай і згадаў нашага першадрукара, заўважыў Reform.news.

 Караль Наўроцкі ў Карлавым універсітэце. Скрын відэа

Лекцыя была прысвечана яго бачанню еўрапейскай палітыкі.

Пакрытыкаваўшы ЕС за імкненне да залішняй цэнтралізацыі, Наўроцкі выклаў польскую праграму, паводле якой адзінымі суверэнамі павінны быць нацыянальныя дзяржавы.

У гэтым кантэксце ён пазіцыянаваў Польшчу як краіну, якая некалі паказала прыклад суіснавання продкаў сучасных палякаў паводле прынцыпу «свабодныя са свабоднымі, роўныя з роўнымі» з продкамі сучасных літоўцаў, беларусаў, украінцаў і яўрэяў.

Згадаўшы беларусаў як адных са спадкаемцаў Рэчы Паспалітай, Наўроцкі, разважаючы пра цэнзуру, прысвяціў некалькі словаў нашаму першадрукару: «Ідэя любой цэнзуры чужая польскай палітычнай культуры. Ужо ў канцы XVI стагоддзя вялікі канцлер Кароны і вялікі гетман Кароны Ян Замойскі, калі маскоўскія паслы Івана Грознага папрасілі спаліць кнігі, якія паказваюць крамлёўскага кіраўніка ў негатыўным святле, адказаў: «Мы тут, у гэтай Рэчы Паспалітай, не забараняем і не загадваем пісаць якія-небудзь кнігі». Гэта агульная традыцыя Рэчы Паспалітай і Чэшскай Рэспублікі.

Нездарма Францыск Скарына, сёння сімвал вялікага чалавека эпохі Адраджэння для беларусаў, надрукаваў сваю першую ў свеце Біблію, напісаную кірыліцай на старажытнабеларускай мове, тут, у Празе, у 1517 годзе, а іншыя свае працы — у Вільні — сталіцы Вялікага Княства Літоўскага».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула