Стала вядома, якую блатную пасаду атрымаў пасля вызвалення з СІЗА экс-дырэктар Палаца Рэспублікі
Максіма Прыхадоўскага злавілі на карупцыі, але далі яшчэ адзін шанец.
Максім Прыхадоўскі (справа). Фота: інстаграм @maksim_prikhodovskii. Свой шлях наверх у пралукашэнкаўскія колы мужчына пачынаў з простага вясельнага тамады ў Бярозе
Пасля амаль чатырохмесячнай адсутнасці ў сацсетках у сувязі з затрыманнем экс-дырэктар Палаца Рэспублікі і дэпутат Мінгарсавета Максім Прыхадоўскі з’явіўся ў інстаграме з відэазаклікам прыязджаць у Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза — цяпер чыноўнік працуе там на пасадзе намесніка генеральнага дырэктара.
Злоўлены на атрыманні хабару фунцыянер прабыў пад следствам крыху больш за два месяцы. Спачатку яго перавялі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, а ў кастрычніку ўвогуле адпусцілі. Па словах былых калег Прыхадоўскага, вызваленне адбылося дзякуючы сяброўству з прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант. Маўляў, ён сам не хаваў гэтага, калі прыйшоў забіраць рэчы з Палаца Рэспублікі. «Наталля Мікалаеўна (прэс-сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Наталля Эйсмант — НН) можа ўсё», — смяяўся ён у твар супрацоўнікам палаца.
Выгаднае сяброўства дазволіла зняць з Прыхадоўскага ўсе абвінавачанні, хоць ягоныя паплечнікі і застаюцца за кратамі.
Новая пасада Прыхадоўскага. Фота: npbp.by
Месца дырэктара Палаца Рэспублікі пры гэтым пакуль застаецца вакантным: на афіцыйнай старонцы ў раздзеле «Кіраўцніцтва» фігуруе толькі першы намеснік Юрый Навумовіч.
Чытайце таксама:
Затрымалі кіраўнікоў івэнт-кампаній. Адзін з іх дапамагаў ладзіць канцэрты ў падтрымку Лукашэнкі
Адміністрацыя Трампа і Мінск абмяркоўваюць вызваленне 100 палітвязняў