БЕЛ Ł РУС

Расійскі комік, які ездзіў на Данбас, даў канцэрт у Мінску і пахабна пажартаваў пра Купалу

26.11.2025 / 15:53

Nashaniva.com

Дзяніс Дорахаў сабраў Палац спорту, але прынамсі адзін яго жарт гледачоў непрыемна здзівіў.

Дзяніс Дорахаў. Фота: яго інстаграм

Дзяніс Дорахаў — даволі вядомы і папулярны ў Расіі комік. Ён іграў у КВЗ за каманду «Камызякі», з якой выступае дагэтуль. А яшчэ праславіўся дзякуючы шоу «Аднойчы ў Расіі».

У 2023 годзе Дорахаў разам са сваім пастаянным партнёрам у шоу Азаматам Мусагаліевым з'ездзіў на акупаваны Данбас. Там комікі выступілі перад расійскімі салдатамі, якія ваююць супраць Украіны.

«Мы пагутарылі непасрэдна з вайскоўцамі, якія абараняюць гэтую зямлю. І хачу сказаць пра галоўную асаблівасць: яны гавораць сэрцам, вельмі душэўныя людзі», — дзяліўся тады Дорахаў уражаннямі ад канцэрта.

Многія фанаты комікаў не зразумелі і сталі абвінавачваць іх у прадажнасці. Дзянісу нават давялося закрыць каментары пад допісам пра паездку.

Дзяніс Дорахаў і Азамат Мусагаліеў на Данбасе. Фота: ДАН

25 лістапада Дорахаў даў вялікі сольны стэндап у Палацы спорту ў Мінску. Квіткі на канцэрт каштавалі ад 55 да 178 рублёў. Мяркуючы па ўсім, комік прасіў гледачоў не здымаць выступ. Але хтосьці ўсё ж такі не паслухаўся. І запосціў у тыкток яго вельмі дзіўны жарт пра Янку Купалу і Якуба Коласа.

Відаць, гэта быў пачатак канцэрта. Дорахаў вырашыў пахваліцца сваімі здольнасцямі і заявіў, што вывучыў правільную назву краіны, у якую прыехаў. А яшчэ зразумеў розніцу паміж беларускімі класікамі.

«Беларусь, не Белоруссія. Я падрыхтаваўся! Янка Купала — гэта пісьменнік, а не жонка Якуба Коласа. Які таксама пісьменнік. Я падрыхтаваўся!» — паспрабаваў пажартаваць Дорахаў.

@kseniya_actress Денис Дорохов, Минск 25.11.2025 #Дорохов #ДенисДорохов #Дорох ♬ оригинальный звук - kseniya_actress

Жарт, выглядае, не надта зайшоў беларускай аўдыторыі. Прагучалі вельмі рэдкія апладысменты, а рассмяяўся хіба што сам аўтар.

У каментарах такі гумар таксама не зразумелі. Людзі пытаюцца, дзе смяяцца, і цікавяцца, як увогуле за такое можна было заплаціць грошы. Вось толькі некалькі каментароў:

«Вось гэта ўзровень гумару…»

«Сам пажартаваў, сам пасмяяўся».

«Смяяцца пасля слова лапата?»

«Ціхі жах, жартаваць пра знакамітых беларускіх пісьменнікаў».

«Што смешнага ў знявазе нашых пісьменнікаў?»

«Калі гэта гумар, то я балерына. Проста сорамна».

Праўда, былі і тыя, каму канцэрт вельмі спадабаўся. Фанаты пішуць, што жарты былі смешныя, а каму не падабаецца, той проста нічога не разумее ў гумары.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула